У Менску затрымалі выкладніцу факультэта журналістыкі БДУ Ганну Курэйчык
- 20.02.2022, 11:57
Дацэнтка была на бальнічным, прыйшлі да яе дадому.
У Менску затрыманая выкладніца факультэта журналістыкі БДУ Ганна Курэйчык. Яе імя з'явілася ў тэлеграм-канале, які публікуе спісы затрыманых.
Інфармацыю пра затрыманне пацвердзіў калега Курэйчык.
– Яна была на бальнічным, прыйшлі да яе дадому, – расказала крыніца.
Раней, у верасні 2020 года Ганна Курэйчык выказвалася ў сацсетках пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. На ейную думку, у краіне адбывалася "мэтанакіраванае знішчэнне прафесіі журналіста".
Як зазначаецца на сайце факультэта журналістыкі, Ганна Курэйчык нарадзілася ў 1976 годзе ў Менску. З 1997 года ўдзельнічала ў распрацоўцы канцэпцыі і стварэнні новай радыёстанцыі – "Сталіца", у эфіры якой і прадоўжыла сваю працу да заканчэння факультэта журналістыкі. У 2000–2003 гадах працавала журналісткай і вядоўцай праграмы "Пастфактум" (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё). У 2003 годзе поўнасцю перайшла працаваць на кафедру тэлевізіі і радыёвяшчання факультэта журналістыкі БДУ.
У цяперашні час Курэйчык – дацэнтка кафедры тэлевізіі і радыёвяшчання. У мінулым займала пасаду намесніцы дэкана ў інтэрнацыяналізацыі адукацыі і міжнародных сувязях.