BE RU EN

Андрэй Саннікаў: Лукашэнка стварыў для сябе вельмі небяспечную сітуацыю

  • 20.02.2022, 20:34

Дэмакратыя пераможа.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-намеснік міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў пракаментаваў «Радыё Рацыя» прысутнасць расейскіх войскаў у Беларусі і каля межаў Украіны.

- У нас праблема на расейска-ўкраінскай і беларуска-ўкраінскай межах. Вырашыць гэтую праблему можа толькі мілітарная сіла ці ўсё ж застаецца месца для дыпламатыі? Як вы ацэньваеце дыпламатычныя захады ЕЗ і ЗША?

- Я б у першую чаргу казаў пра ЗША. Таму што тое, што вайны пакуль няма, - гэта поўная заслуга ЗША і прэзідэнта Байдэна. Бо такая магутная падтрымка Украіны і той факт, што яны публікуюць усе гэтыя расейскія вайсковыя планы, гэта і спыніла Расею. Бо вайна ўжо ідзе. Вялікай, поўнамаштабнай вайны не адбылося, таму што Захад пачаў дзейнічаць у абарону інтарэсаў як Украіны, так і сваіх. І найперш ЗША. Але сітуацыя па-ранейшаму напружаная. Я думаю, што казаць, што ўсё скончылася, немагчыма. Дыпламатычныя захады трэба працягваць, але Расея не зацікаўлена ў пошуку выхаду і ўрэгуляванні сітуацыі. Расеі гэта не патрэбна. Са слоў самога Пуціна, Расея зацікаўлена ў стварэнні напружанасці, а не ў развязанні канфліктаў.

- Якое дачыненне да гэтага канфлікту мае Лукашэнка, чаму ў яго такая вострая вайсковая рыторыка?

- Лукашэнка - адзіны чалавек, на каго абапіраюцца гэтыя імперскія планы. І менавіта Лукашэнка прадстаўляе найбольшую небяспеку для нашай незалежнасці разам з Крамлём. І так было заўсёды. Лукашэнка зараз стварыў сітуацыю вельмі небяспечную для сябе, але і небяспечную для нас і краіны. І менавіта таму ён падпарадкоўваецца Пуціну, бо гэта адзінае, што трымае яго ва ўладзе.

- Экспэрт ва Усходняй Еўропе Войцэх Сеген сёння ў нашым эфіры сказаў, што Беларусь ужо страціла сваю незалежнасць.

- Я б не спяшаўся гэта казаць. Таму што ёсць такая дзяржава - Беларусь, зараз яна знаходзіцца ў вельмі цяжкім становішчы пры дыктатуры Лукашэнкі, але не страціла сваёй незалежнасці. І словы аб тым, што Беларусь страціла незалежнасць, абражаюць усіх нас - беларусаў. І людзі, якія сёння сядзяць у турме, выступаюць за незалежнасць. А тое, што Лукашэнка падпарадкоўваецца загадам Крамля, ён заўсёды ім падпарадкоўваўся. Але мы будзем гаспадарамі сваёй краіны. Я ўпэўнены ў гэтым.

- Трохі аптымізму ў вас усё ж застаецца?

- Не, не трошкі! Тое, што пратэсты зараз прайшлі не толькі ў Беларусі, але і ў Казахстане, у краінах, дзе кіруюць дыктатарскія ці аўтарытарныя рэжымы, гэта відавочна, і гэта абавязкова скончыцца перамогай дэмакратыі.

Апошнія навіны