BE RU EN

Выкладчыцы журфака БДУ Ганне Курэйчык прысудзілі 15 дзён

  • 21.02.2022, 17:34

Аб затрыманні дацэнта стала вядома ўчора.

Суд Цэнтральнага раёна Менска вынес пастанову ў дачыненні да дацэнта кафедры тэлевізіі і радыёвяшчання журфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ганны Курэйчык, паведамляе «Вясна».

Выкладчыцу судзілі паводле артыкула 24.3 «Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы».

Раней, у верасні 2020 года Ганна Курэйчык выказвалася ў сацсетках пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. На яе думку, у краіне адбывалася «мэтанакіраванае знішчэнне прафесіі журналіста».

Як зазначаецца на сайце факультэта журналістыкі, Ганна Курэйчык нарадзілася ў 1976 годзе ў Менску. З 1997 года брала ўдзел у распрацоўцы канцэпцыі і стварэнні новай радыёстанцыі - «Сталіца», у эфіры якой і прадоўжыла сваю працу да заканчэння факультэта журналістыкі. У 2000—2003 годзе працавала журналісткай і вядоўцай праграмы «Пастфактум» (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё). У 2003 годзе цалкам перайшла працаваць на кафедру тэлевізіі і радыёвяшчання факультэта журналістыкі БДУ.

Цяпер Курэйчык - дацэнт кафедры тэлевізіі і радыёвяшчання. У мінулым займала пасаду намесніцы дэкана ў інтэрнацыяналізацыі адукацыі і міжнародных сувязях.

Апошнія навіны