BE RU EN

Кіраўнік літоўскага Мінфіна: Забароны Менска моцна не паўплываюць на эканоміку Літвы

  • 3.02.2022, 21:10

Пацярпелым кампаніям будзе аказаная падтрымка шляхам давання льготных крэдытаў.

На фоне заяў Менска аб намерах не ўпускаць цягнікі з Літвы, якія вязуць транзітам грузы ва Украіну ці Расею, міністарка фінансаў Літвы Гінтары Скайстэ заявіла, што гэта не павінна аказаць істотнага ўплыву на літоўскую эканоміку, паведамляе delfi.lt.

Са слоў Скайстэ, канкрэтныя меры дапамогі для бізнэсу, які можа пацярпець ад забароны, не разглядаюцца, але распрацоўваюцца ўніверсальныя захады супраць абмежаванняў у гандлі з трэцімі краінамі, у тым ліку з Кітаем.

«Нягледзячы на тое, што перавозіць іх (тавары — BNS) транзітам будзе немагчыма, але паколькі на іх ёсць попыт, у любым выпадку можна пабудаваць іншы лагістычны ланцужок. Мы працуем з канкрэтнымі кампаніямі, каб развязаць іх праблемы, і сітуацыя сапраўды кіруемая. Я думаю, што не павінна быць ніякага рэальнага значнага ўплыву на нашу эканоміку», - заявіла міністарка фінансаў у чацвер радыёстанцыі Ziniu radijas.

Са слоў міністаркі, праз агенцтва Invega пацярпелым кампаніям будзе аказаная падтрымка шляхам выдавання льготных крэдытаў.

У сераду кампанія «Літоўская чыгунка» пацвердзіла, што атрымала афіцыйнае апавяшчэнне аб увядзенні «Беларускай чыгункай» забароны на транзіт нафтапрадуктаў і ўгнаенняў з Літвы праз Беларусь. Чакаецца, што забарона набудзе моц у панядзелак, 7 лютага.

Менск аб'явіў аб гэтых абмежаваннях пасля ўвядзення санкцый ЗША супраць «Беларуськалію», якія ўвайшлі ў дзеянне ў пачатку снежня, і прыняцця ўрадам Літвы пастановы аб скасаванні з лютага пагаднення паміж ЛЧ і беларускай кампаніяй, бо яна не адпавядала інтарэсам нацыянальнай бяспекі Літвы.

Паводле звестак ЛЧ, у асноўным з Літвы цераз Беларусь транспартуюцца нафтапрадукты, угнаенні і чорныя металы. Транспартаванне нафтапрадуктаў і азотных угнаенняў ва Украіну ажыццяўляюць кампаніі Orlen Lietuva і Achema, якія працуюць у Літве.

Апошнія навіны