BE RU EN

Ці праўда, што ў Пуціна праблемы з псіхікай?

  • 21.03.2022, 21:19

Меркаванні спецыялістаў.

Матывы ўчынкаў расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна даўно выклікаюць пытанні. І не толькі ва ўкраінцаў - увесь свет спрабуе зразумець, што адбываецца з чалавекам, які развязаў самую крывавую за апошнія 80 гадоў вайну ў Еўропе, піша «Новое время».

Пошук нацыстаў ва Украіне, які абярнуўся генацыдам насельніцтва некалькіх гарадоў, абвінавачванні ў распрацоўцы біялагічнай зброі ў выглядзе не то каранавіруса, не то чумы, не то пералётных птушак, боязь блізкага кантакту з людзьмі, пастаянныя пагрозы прымянення ядзернай зброі - вось далёка не поўны пералік дзівацтваў, якія кідаюцца ў вочы нават абывацелям.

Абсурднасць дзеянняў Пуціна між волі наштурхвае на думку пра яго псіхічнае здароўе. Пра гэта часта гавораць вядомыя палітыкі і бізнэсоўцы. Так, прэзідэнт Чэхіі Мілаш Зэман, якога многія ўважалі сябрам Крамля, назваў Пуціна «вар'ятам» і заклікаў ізаляваць ад усяго свету. Мэр Антвэрпэна Барт Дэ Вэвер уважае яго псіхапатам і вар'ятам, а таксама параўноўвае з Гітлерам. Бізнэсовец Міхась Хадаркоўскі таксама даў не занадта дыпламатычную адзнаку дзеянняў дыктатара, назваўшы іх праявай «старэчай паранойі».

Але ці хворы Пуцін напраўду?

На гэтае пытанне адназначнага адказу ні ў каго няма. Дакладней, тыя ў каго ён ёсць, нікому пакуль што не раскажуць. Аднак у адмыслоўцаў усіх узроўняў ёсць вызначаны погляд, і большасць не аптымістычная ў сваёй адзнацы.

Расейскі псіхолаг, педагог і публіцыст Людміла Петраноўская ўжо даўно ўважае Пуціна псіхапатам у клінічным сэнсе.

«Псіхапатыя - гэта разлад асобы, які вызначае тое, як чалавек бачыць сябе, як ён бачыць свет, як у яго функцыянуюць усе сістэмы псіхікі: пачуцці, думкі, сумленне і гэтак далей, кажа Петраноўская. — Між іншым, у такіх людзей вельмі дрэнна з эмпатыяй і з маральным пачуццём, можна ўспомніць „Яна патанула“, сказанае з усмешачкай».

Гэта значыць, спецыяліст уважае, што парушэнні ў псіхіцы расейскага лідара пачаліся, як мінімум, у 2008 годзе, намякаючы на пытанне аб падводнай лодцы «Курск» у інтэрв'ю Пуціна і Лары Кінга.

Але спецыяліст папярэджвае, падобныя разлады з узростам толькі пагаршаюцца.

«І, на жаль, псіхапатыя - гэта вельмі цяжкі стан, які часта прагрэсуе з узростам, у гэтым выпадку ў бок паранайяльнага бачання.»

Пры гэтым Петраноўская сцвярджае, што аб'ект цалкам аддае справаздачу ўласным дзеянням і таму абсалютна разумны.

З яе меркаваннем згодны і псіхолаг Артур Кэсідзі. Ён бачыць у паводзінах дыктатара ўсе рысы т. зв. «цёмнай трыяды»: макіявелізм, псіхапатыю і нарцысізм.

Нейрабіёлаг Джэймс Фэлан у сваім дакладзе на канферэнцыі Putincon заявіў, што ў дыктатара ёсць рысы не псіхапата, а сацыяпата. Сярод іх: перабольшанае ўяўленне ўласнай важнасці, адчуванне абранасці, адсутнасць эмпатыі.

Прыкмет псіхапатыі ў даслоўным сэнсе не бачыць і Канстанцін Біценскі, адэскі псіхіятр, які падзяліўся сваёй ацэнкай у інтэрв'ю выданню «Думская».

Доктар Біценскі ўважае Пуціна абсалютна здаровым чалавекам, які паспеў набыць мноства комплексаў на працягу жыцця. А яго паводзіны можна растлумачыць працяглым знаходжаннем ва ўладзе і фармаваннем атачэння з ліслівых асоб.

Здаровы Уладзімір Пуцін ці не - прадмет актыўных абмеркаванняў з боку спецыялістаў у галіне псіхіятрыі і псіхалогіі. А вось экспэрты бяспекі аднадушныя ў тым, што дыктатара не варта недаацэньваць. «Магчыма, ён зрабіў пралік, і многія яго перакананні памылковыя, — уважае ветэран ЦРУ Глен Карл. — Але ён рацыянальны, паслядоўны і бязлітасны».

Апошнія навіны