РНБА Украіны: Пуцінскае войска вычарпала свой патэнцыял
- 8.03.2022, 21:38
Агрэсар выкарыстоўвае супраць мірнай Украіны свае астатнія вайсковыя рэзэрвы.
Войска РФ выявілася не такім магутным, як яго апісвалі. Акупанты практычна цалкам вычарпалі свой патэнцыял ва Украіне. Гэта адчуваецца не толькі ў масавай мабілізацыі ў краіне, але і ў нястачы вайсковай тэхнікі ды боепрыпасаў.
Пра гэта паведамілі ў Цэнтры супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры РНБА.
Як адзначылі ва ўстанове, фота і відэа з перамяшчэння расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны яскрава дэманструюць, што замест расхваленай сучаснай браняванай тэхнікі жаўнераў перавозяць звычайнымі аўтамабілямі.
"Іх, відаць, сканфіскавалі ў прадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак", - гаворыцца ў паведамленні.
Ва Украіну "вызваленцы" прыехалі на мікрааўтобусах, цяжкавіках і нават смеццявозах. Магутнае расейскае войска выявілася такім толькі на парадах, а ў рэальных баявых варунках яго не выстарчыла нават на два тыдні.