Яшчэ адзін фігурант «справы tut.by» выйшаў з СІЗА
- 13.05.2022, 20:14
За кратамі Ала Лапатка прабыла амаль год.
Яшчэ адзін фігурант справы TUT.BY выйшаў з СІЗА ў Менску. Меру стрымання ёй змянілі, абвінавачанні не знялі.
Былы галоўны інжынер tut.by Ала Лапатка выйшла сёння з СІЗА. За кратамі яна знаходзілася амаль год, піша zerkalo.io.
Нагадаем, 25 красавіка былая кіраўніца TAM.BY (уваходзіць у склад ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ») Дар'я Данілава была прызнаная вінаватай у арганізацыі і падрыхтоўцы акцый, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх. Яе асудзілі на год і чатыры месяцы калоніі агульнага рэжыму. Улічваючы час знаходжання ў СІЗА (больш за 11 месяцаў), Дар'ю адпусцілі ў зале суда. У зняволенні Дар'я правяла больш за 11 месяцаў.
17 сакавіка на свабоду выйшлі былы галоўны рэдактар блока палітыка-эканамічных навін Вольга Лойка, былы намеснік генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека і мэнаджар Publisher Box Андрэй Аўдзееў.
11 сакавіка - былы намеснік галоўнага бухгалтара «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Марыя Новік, намеснік генеральнага дырэктара ў агульных пытаннях Ірына Рыбалка і галоўны бухгалтар Анжэла Асад.
У справе TUT.BY застаюцца былая гендырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна, экс-галоўная рэдактарка Марына Золатава і журналістка Алена Талкачова.