Прэзідэнт Еўрарады вымушаны быў хавацца ва ўкрыцці праз ракетны ўдар РФ па Адэскай вобласці
- 9.05.2022, 21:06
Спрацавала сістэма СПА.
Прэзідэнт Еўрарады Шарль Мішэль падчас візіту ў Адэсу быў вымушаны хавацца ва ўкрыцці праз паветраную трывогу. Пра гэта паведамляе выданне Politico са спасылкай на прадстаўніка ЕЗ.
У сваім Telegram-канале прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль падкрэсліў, што расейскія акупанты бамбяць Адэсу практычна кожны дзень, у тым ліку падчас візіту Мішэля. Яны разам наведалі разбураны жылы дом, дзе ў выніку траплення расейскай ракеты загінулі трохмесячная дзяўчынка, яе маці і бабуля.
Як піша Politico, Шмыгаль і Мішэль змушаныя былі перапыніць перамовы, каб схавацца падчас новага ракетнага ўдару Расеі па Адэскай вобласці.
Расея 9 траўня нанесла ўдар па Адэскай вобласці чатырма ракетамі тыпу Анікс. Расейцы вялі абстрэл з акупаванага Крыма. У выніку авіяўдару ніхто не пацярпеў, пашкоджаны аб'ект інфраструктуры. Увечары акупанты зноў выпусцілі па вобласці ракеты, спрацавала сістэма СПА.