BE RU EN

Герман Ван Рампэй: Расея больш не з'яўляецца геапалітычным акторам

  • 13.06.2022, 21:05

Санкцыі будуць заставацца ў дзеянні, пакуль не будзе адноўленая тэрытарыяльная цэласнасць Украіны.

У вайны ва Украіне шмат геапалітычных наступстваў, хаця сама Расея больш не з'яўляецца геапалітычным акторам. Такую заяву зрабіў палітык і першы прэзідэнт Еўрапейскай рады Герман Ван Рампэй, выступаючы ў Нацыянальным універсітэце "Кіева-Магілянская акадэмія", піша zn.ua.

Ван Рампэй тлумачыць, што эканоміка краіны-агрэсара была занадта слабая яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання 24 лютага. Паводле ягоных слоў, вайна ўзмацніла жорсткасць ужо існага недаверу паміж глабальнымі акторамі, а тэндэнцыя не залежаць ад іншых моцна вырасла за апошнія чатыры месяцы. Цяпер ЕЗ таксама хоча быць больш суверэнным у дачыненні да энергетыкі, лічбавых тэхналогій, міграцыі, чыпаў, батарэек, прадуктаў харчавання, лекаў і медыцынскага абсталявання, абароны.

Палітык успамінае, што глабалізацыя вельмі дапамагла Кітаю з таго часу, як яны ўступілі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю ў 2000 годзе. А вось Расея далучылася да СГА 10 гадоў таму, пры гэтым прапусціла "цягнік сучаснай эканомікі".

"Сёння мы ведаем, што бяспека важнейшая за канкурэнтаздольнасць. Калі гаворка ідзе пра бяспеку, палітыка мае перавагу над эканомікай, над грашыма. Еўразвязу давялося атрымаць гэты цяжкі ўрок. Вось чаму сёння асноўнай канцэпцыяй Звязу стаў еўрапейскі суверэнітэт або стратэгічная аўтаномія. Не дзеля ўлады, а у пазбяганне бездапаможнасці", - адзначыў ён.

Ван Рампэй мяркуе, магчыма, калі-небудзь у свету будуць нармальныя стасункі з Расеяй. Але для гэтага трэба, каб сама Расея "ўрэшце стала нармальнай краінай". Ён упэўнены, што заходнія санкцыі будуць заставацца ў дзеянні, пакуль не будзе адноўлена нармальнасць, пакуль не будзе адноўлены суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць Украіны.

Апошнія навіны