Драгі: Мір павінна вызначыць Украіна
- 16.06.2022, 21:27
Пра гэта прэм'ер Італіі заявіў у Кіеве.
Прэм'ер-міністр Італіі Марыа Драгі мяркуе, што мір з Расеяй павінен быць дасягнуты на ўмовах Украіны. Пра гэта ён сказаў на прэс-канферэнцыі, паведамляе korrespondent.net.
"Мы вельмі хочам міру. Мы хочам, каб не пацярпелі іншыя гарады, але Украіна павінна абараняцца, каб дасягнуць міру. І мы, так ці інакш, нічога не будзем рабіць, не прымаючы да ўвагі волю Украіны. Мір павінен быць такім, як яго хоча бачыць Украіна, і ён павінен быць доўгім", – мяркуе кіраўнік італьянскага ўраду.
Ён падкрэсліў, што падчас візіту пачуў ад людзей ва Украіне надзею, і зазначыў, што "мы закліканыя падтрымаць і дапамагчы Украіне пабудаваць сваю будучыню".
У час візіту ў Ірпень Драгі запэўніў, што Украіна атрымае дапамогу для аднаўлення разбуранай расейцамі інфраструктуры.
У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сказаў, што Расея не хоча міру, а хоча толькі войны і зламаць Украіну і ЕЗ.
"Існуе прамая залежнасць, чым больш магутную зброю мы атрымліваем, тым хутчэй мы можам вызваляць нашых людзей і нашу зямлю… Закранулі сёння тэмы дыпламатычных намаганняў, якія прыкладаюцца рознымі бакамі, каб аднавіць мір. Усе бачаць, што адзінай перашкодай для ўсіх гэтых намаганняў з'яўляецца негатоўнасць Расейскай Федэрацыі да рэальных дзеянняў, да рэальных перамоваў, накіраваных на аднаўленне міру. Расея не хоча міру, яна нічога не хоча, акрамя вайны..." – сказаў Зяленскі.
Ён таксама адзначыў, што дзяржава-агрэсарка павінна ўсвядоміць, што мір не мае альтэрнатывы і павінна пачаць шукаць мір.
"А пакуль усе мы бачым і чулі сёння, калі загучала сірэна паветранай трывогі, што Расея шукае толькі новыя спосабы, каб запалохаць Еўропу і захапіць больш і больш нашай зямлі. Мэта Расеі ў гэтай вайне – зламаць Украіну і такім чынам зламаць Еўропу. Расея хоча паказаць, што еўрапейскае аб'яднанне нібыта няздольнае быць эфектыўным і што еўрапейскія каштоўнасці не могуць працаваць для абароны свабоды. Мы павінны разам зламаць гэты сцэнар", – сказаў прэзідэнт.
Паводле словаў Зяленскага, ва Украіне разумеюць, што шлях у ЕЗ будзе доўгім, але ўкраінцы гатовыя працаваць над гэтым і заслужылі статус кандыдата. Таксама ён агучыў патрэбы Украіны ў зброі:
"Чакаем новыя пастаўкі, перш за ўсё цяжкае ўзбраенне, сучасную рэактыўную артылерыю, сістэмы супрацьракетнай абароны і г.д.", – рэзюмаваў гарант.