BE RU EN

На Пецярбургскім форуме няма ніводнага буйнога заходняга фундатара

  • 16.06.2022, 21:58

ЗША заклікалі інвестараў байкатаваць форум.

На Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме (ПМЭФ), распачатым у сераду, 15 чэрвеня, не будзе ніводнага сур'ёзнага заходняга інвестара, пра што сведчыць праграма, апублікаваная на сайце форуму. З расейскіх мільярдэраў на мерапрыемстве заяўленыя толькі шэсць чалавек, паведамляе DW.

Згодна з праграмай, усяго на форуме выступяць 11 заходніх спікераў і шэсць расейскіх мільярдэраў. Больш за ўсё заходніх удзельнікаў – пяць – будзе на дыскусіі "Заходнія інвестары: новыя рэаліі". Гэта прадстаўнікі французскай, італьянскай, канадскай і амерыканскіх гандлёвых палатаў, а таксама "Канфедэрацыі італьянскай прамысловасці". Мэта гэтых арганізацый – прапанова падтрымкі бізнэсмэнам з гэтых краінаў у Расеі.

Яшчэ два заходнія спікеры выступяць на дыскусіі, прысвечанай спорту і ўплыву санкцый на яго. Кіраўнік Асацыяцыі еўрапейскага бізнэсу, расейскай арганізацыі, якая прэзентуе інтарэсы заходніх кампаній у Расеі, Тадзіа Шылінг абмяркуе бюджэтную і падатковую палітыку ва ўмовах санкцый. На дыскусіі пра ўрбанізацыю будучыні выступіць італьянскі бізнэсмэн Фабіа Качаторы.

Заходнія ўдзельнікі форуму

Акрамя таго, у абмеркаванні самадастатковай эканомікі будзе ўдзельнічаць французскі эканаміст Жак Сапір. Да вайны ён рэгулярна з'яўляўся ў расейскіх СМІ, а таксама выступаў за выхад Францыі з Еўразвязу, адзначае інтэрнэт-выданне "Агенцтва". Аднак у канцы лютага Сапір асудзіў расейскае ўварванне ва Украіну, назваўшы яго "неапраўданым і недапушчальным", і спыніў супрацоўніцтва з RT і Sputnik.

На найбуйнейшым расейскім эканамічным форуме сёлета выступяць толькі шэсць расейскіх мільярдэраў, хоць на стан 2021 года ў Расеі налічвалася больш за 120 бізнэсмэнаў з маёмасцю больш за 1 млрд даляраў. У дыскусіях на форуме будуць удзельнічаць уладальнік "Поўначсталі" Аляксей Мардашоў, кіраўнік "Наватэк" Леанід Міхельсон, старшыня рады дырэктараў групы "Рэнова" Віктар Вексельбер, былы кіраўнік "Трубнай металургічнай кампаніі" Дзмітрый Пумпянскі, заснавальнік "Лабараторыі Касперскага" Яўген Касперскі, кіраўнік ЧТПЗ Андрэй Камароў.

На мінулым тыдні Дзярждэпартамент ЗША абвясціў, што амерыканскія прадстаўнікі не будуць удзельнічаць у ПМЭФ ні ў якой якасці, і заклікаў кампаніі і ўрады іншых краінаў далучыцца да байкоту. "Мы заклікаем накіраваць выразны сігнал, што бізнэсу як звычайна не будзе, пакуль расейскія сілы атакуюць Украіну", – заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента Нэд Прайс.

Апошнія навіны