Лукашэнка: Мы дэ-факта прызналі «Л/ДНР» і Крым, калі трэба - падпішу ўказ
- 21.07.2022, 21:26
Дыктатар заявіў, што супрацоўнічае з тэрарыстычнымі квазірэспублікамі.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён дэ-факта і так прызнаў тэрарыстычныя ўтварэнні «ЛНР» і «ДНР», а таксама анэксію Крыма Расеяй і ў выпадку неабходнасці выдасць адпаведны ўказ.
Пра гэта Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю AFP.
Са слоў дыктатара, зараз прызнанне «нічога б не дадало ні Луганску, ні Данецку, ні Крыму».
«Але калі Крыму, Луганску, Данецку трэба будзе харчаванне, цэгла, цэмент, аднаўляць і іншае, мы будзем ім дапамагаць. Трэба будзе - прызнаем. Калі ў гэтым будзе сэнс нейкі. Але які сэнс сёння, прызнаю я публічна ці не прызнаю. Мы фактычна з імі супрацоўнічаем», - сказаў ён.
Лукашэнка ўдакладніў, што «дэ-факта мы прызналі, што ёсць Крым, Луганск і Данецк, бо мы з імі супрацоўнічаем».
«Трэба - прызнаю ўказам «прэзідэнта». Калі гэта патрэбна будзе. Але зараз гэта нічога не дасць дадаткова. Дакладна так, як кажуць: «Вось будзе Лукашэнка ваяваць ва Украіне ці не?» ... Мы там проста не патрэбныя зараз. Дакладна так Луганск, Данецк і Крым», - дадаў ён.