Расейскія дэсантнікі масава адмаўляюцца ехаць на вайну ва Украіну
- 21.08.2022, 13:47
Найбольшая незадаволенасць заўважаная менавіта ў камандным складзе элітных войскаў РФ.
Расеі становіцца ўсё цяжэй сабраць новыя рэзервы на вайну ва Украіне.
Чарговае пацвярджэнне адмоваў прывялі ўкраінскія выведнікі. На гэты раз адмовіліся ехаць ваяваць так званыя «элітныя» дэсантнікі.
Выведка мае звесткі, што адмаўляюцца ваяваць не проста салдаты, а афіцэры. Гэта значыць, расейскае войска застаецца без камандзіраў. Але Расея не была б Расеяй, калі б не выблытвалася з гэтага так-сяк, толькі б было. Таму на афіцэрскія пасады кантрактнікаў прызначаюць людзей без афіцэрскіх званняў і досведу ўдзелу ў баявых дзеяннях.
Праз шалёныя страты пасля «цёплых» сустрэчаў з УСУ камандаванне паветрана-дэсантных войскаў хоць часткова спрабуе аднавіць іх маральна-псіхалагічны стан і баяздольнасць. Больш за ўсё зважаюць на тыя падраздзяленні, дзе ўкраінскія ваяры ліквідавалі больш за 60% асабовага складу. Таксама – часткі, дзе асабовы склад дэмаралізаваны і адмаўляецца служыць далей.
Украінскія выведнікі адзначылі, што найбольшай праблемай для акупантаў з'яўляецца масавая адмова ад удзелу ў вайне менавіта каманднага складу падраздзяленняў ПДВ.
На пасады ад камандзіра ўзвода да камандзіра батальёна, з наступным выездам ва Украіну, адмаўляюцца ісці нават кантрактнікі, якім тэрмінова прысвоілі афіцэрскія званні.
Больш за тое, цяпер у камандаванні ПДВ працуе нават цэлая камісія генеральнага штаба краіны-акупанткі. Яе чальцы атрымалі ўказанне правесці расследаванне паводле кожнага факту адмовы. Акрамя таго, ім загадалі ўгаворваць камандзіраў вярнуцца ў свае падраздзяленні, абяцаючы ім сацыяльныя льготы і ўрадавыя ўзнагароды.