Журналісты паказалі знішчаную расейскую тэхніку, якая прыехала ва Украіну з Беларусі
- 21.08.2022, 20:08
Яе выставілі на вуліцах Кіева.
У цэнтры Кіева на Міхайлаўскай плошчы праходзіць выстава ўзораў вайсковай тэхнікі, разбітай падчас расейскага наступу ўвесну-улетку 2022 года. "Флагшток" паспрабаваў знайсці браняваную тэхніку, якая прыехала з тэрыторыі Гомельшчыны.
Атрыбутаванню дапамаглі інфармацыйныя таблічкі, на якіх пазначаныя абставіны знішчэння расейскай тэхнікі.
Рэдкі танк Т-90А быў знішчаны ў чэрвені 2022 года ля места Сумаў. Агулам на рахунку УСУ 19 знішчаных такіх танкаў, паведамляе тэкст на шыльдзе.
Зенітны ракетна-гарматны комплекс Панцыр-З на базе КамАЗ. Такія комплексы і сёння знаходзяцца на тэрыторыі расейскай вайсковай базы ў Зябраўцы пад Гомелем і, магчыма, Вялікага Бакава Мазырскага раёна. Гэты комплекс быў знішчаны ў Каропскім раёне Чарнігаўскай вобласці. Гэта значыць, што, мусібыць, ён патрапіў на тэрыторыю Украіны з Бранскай або Курскай абласцей РФ.
Самаходная гаўбіца Мста-С падбітая ў Сумскай вобласці. Паводле інфармацыі УСУ, такіх гаўбіц да пачатку выставы знішчана блізу паўсотні.
Рэдкі браняваны аўтамабіль падвышанай абароненасці - КамАЗ-63968 «Тайфун», цалкам згарэў каля места Трасцянца Сумскай вобласці ў сакавіку 2022 года.
Мусібыць, усе экзэмпляры вайсковай тэхнікі, знішчаныя ў Сумскай вобласці Украіны, патрапілі туды з Бранскай, Курскай або Белгарадскай абласцей РФ.
Разарваны напалову алюмініевы корпус БМД 4М (баявая машына дэсанту) 31-й асобнай гвардыйнай паветрана-дэсантнай брыгады УС РФ. Бранявік даехаў да аэрапорта Антонава пад Кіевам, дзе быў знішчаны ўкраінскай артылерыяй.
Корпус БМД-2, у камплекце да экспаната ідуць боты ад невядомых расейскіх дэсантнікаў і абгарэлы імбрык. Усярэдзіне відаць разарваныя вантробы браневіка і рэшткі ад зімовага абмундзіравання. Подпіс на аб'екце зазначае, што экіпаж гэтай БМД знаходзіўся ў 237 гвардыйным дэсантна-штурмавым палку УС РФ і браў удзел у штурме аэрапорта Антонава каля Гастомеля. Сама машына была знішчаная агнём украінскай артылерыі. Пра лёс экіпажа подпіс не паведамляе.
Дзве БМД, прадстаўленыя на фатаграфіях, былі разбітыя пад Гастомелем. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што гэтыя экзэмпляры прыехалі з тэрыторыі Беларусі праз памежны пераход Гдзень і наступалі на Кіеў праз чарнобыльскую зону ў самыя першыя дні вайны.
Лёс экіпажаў гэтых машын, мабыць, сумны: большасць расейскіх дэсантнікаў, якія ўдзельнічалі ў наземным уварванні з мэтай захопу аэрапорта Антонава, былі распляжаныя ў баях. Пад 4 сакавіка ацалелыя войскі адступілі ад паўночнага захаду Кіева.
Дастаўку такіх БМД неаднаразова фіксавалі чытачы Флагштока. На працягу месяца да пачатку вайны на чыгуначных станцыях Гомеля былі заўважаныя сотні адзінак розных БМД. Перад самай вайной і першыя дні пасля яе пачатку фіксавалася дастаўка БМД-2 таксама з дапамогай Іл-76 праз гомельскі аэрапорт.