BE RU EN

Рэжым Лукашэнкі стаў яшчэ бліжэй да канчатковага дэфолту

  • 29.08.2022, 20:28

Беларусь пералічыла чарговыя плацяжы па еўрааблігацыях у рублях.

Беларусь 29 жніўня пералічыла чарговыя плацяжы трымальнікам еўрааблігацый у рублях, паведамляе zerkalo.io са спасылкай на Мінфін. У ведамстве гэта растлумачылі «захаваннем неспрыяльных знешніх умоў».

Размова ідзе пра абавязанні па еўрааблігацыях Belarus-2023 і Belarus-2030. Менск выплаціў у агульнай суме 46,1 млн. далараў у эквіваленце. Але грошы перавёў у беларускіх рублях на рахунак у «Беларусбанку».

«Доступ да гэтых сродкаў забяспечаны для вызначанага эмісійнай дакументацыяй плацежнага агента - «Citibank N.A. London Branch» (цяпер выконвае функцыі рэгістратара, фінансавага, плацежнага і трансфертнага агента)», — кажуць у Мінфіне.

Нагадаем, у канцы чэрвеня Беларусь пералічыла трымальнікам еўрааблігацый чарговыя працэнты, але зрабіла гэта ў беларускіх рублях. У Мінфіне растлумачылі гэта тэхнічнымі цяжкасцямі, замежныя банкі адмаўляюцца пераводзіць сродкі інвестарам.

На гэта адрэагавалі міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы: Moody's заявіла аб дэфолце Беларусі, Fitch папярэджвала аб магчымасці дэфолту, а пазней панізіла доўгатэрміновы рэйтынг нашай краіны ў замежнай валюце. S&P таксама знізіла крэдытныя рэйтынгі Беларусі і аб'явіла аб дэфолце па еўрааблігацыях.

У пачатку ліпеня стала вядома, што міжнародны фінансавы кангламерат Citigroup Global Markets Europe AG і Citibank адмовіўся працаваць з беларускімі еўрааблігацыямі.

Апошнія навіны