CNN: Контрнаступленне УСУ ў Харкаўскай вобласці стала самым маштабным з 24 лютага
- 11.09.2022, 20:56
Узяцце Ізюма адкрывае ўкраінскаму войску новыя магчымасці на Данбасе.
Вызваленне Узброенымі сіламі Украіны Ізюма ў Харкаўскай вобласці сведчыць аб выніковасці контрнаступлення Кіева, піша CNN.
«Уваходжанне ўкраінскіх войскаў у Ізюм - не проста буйная перамога, а прыкмета таго, што вайна ва Украіне можа перайсці ў новую фазу», - гаворыцца ў матэрыяле.
На гэтай фазе расейскія захопнікі будуць вымушаныя абараняцца і спрабаваць утрымаць тэрыторыі, захопленыя з пачатку ўварвання.
«Украінскае войска правяло самы маштабны наземны наступ з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі. Падчас наступу наносіліся бесперапынныя ўдары па камандных пунктах, складах боепрыпасаў і паліва далёка за лініяй фронту», - гаворыцца ў матэрыяле.
Высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік распавёў журналістам, што ўкраінскія вайскоўцы «дабіліся пэўнага поспеху» ў атаках на лініі забеспячэння РФ, накіраваных на ізаляцыю групоўкі расейскіх войскаў на захад ад Дняпра.
«Відаць, Украіна адкрыла новы фронт супраць абароны расейскіх войскаў на мяжы Данецкай і Луганскай абласцей», - адзначаецца ў матэрыяле.
На думку кіраўніка Луганскай АВА Сяргея Гайдая, новай мэтай украінскіх вайскоўцаў стане захоплены расейцамі Лісічанск.