Літва ўручыла ноту пратэсту прадстаўніку амбасады Беларусі
- 6.09.2022, 21:28
Лукашыстаў абвінавачваюць у пашкоджаньні агароджы на мяжы.
МЗС Літвы ўручыла ноту пратэсту прадстаўніку беларускай амбасады ў сувязі з неаднаразовымі выпадкамі наўмыснага пашкоджання ахоўнай агароджы на мяжы.
Пра гэта гаворыцца ў заяве літоўскага ведамства.
У міністэрстве заявілі, што беларускія чыноўнікі таксама спрыяюць пашкоджанню бар'ера і пранікненню нелегальных мігрантаў.
У МЗС адзначаюць, што такія дзеянні беларускіх афіцыйных асобаў расцэньваюцца як правакацыя і з'яўляюцца грубым парушэннем літоўска-беларускай дамовы аб прававым рэжыме дзяржаўнай мяжы.
"Літва строга патрабуе ад Беларусі як мага хутчэй прыняць усе патрэбныя захады, каб такія інцыдэнты не паўтараліся ў будучыні", — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, напрыканцы жніўня Літва закончыла будаўніцтва агароджы на мяжы з Беларуссю для абароны ад нелегальнай міграцыі.
На ўчастках працягласцю блізу 502 км усталяваны фізічны бар'ер - агароджу і калючы дрот.