Украінцы перайшлі ў наступ на Харкаўскім фронце
- 6.09.2022, 21:55
УСУ нанеслі нечаканы ўдар па Балаклеі.
Узброеныя сілы Украіны перайшлі ў наступ на Харкаўскім фронце. У аўторак раніцай яны раптоўна нанеслі моцны ўдар у фланг так званай Ізюмскай групоўцы расейскіх войскаў у кірунку Балаклеі, піша ВВС.
Паводле шматлікіх, хоць і афіцыйна непацверджаных паведамленняў, расейскія сілы спехам адыходзяць за раку Северскі Данец.
Прарасейскія тэлеграм-каналы поўныя трывожных допісаў - паводле іх інфармацыі, украінскае войска авалодала паселішчам Вярбоўкай пад Балаклеяй, дзе базуецца буйны расейскі арсенал. Іншыя крыніцы паведамляюць, што ўкраінскія войскі ўжо занялі саму Балаклею.
«Сёння ўвечары будзе выдатная навіна ад прэзідэнта Зяленскага з нагоды контрнаступальнай аперацыі ў Харкаўскай вобласці», - заявіў дарадца кіраўніка Сядзібы прэзідэнта Украіны Сяргей Лешчанка.
Раней у аўторак прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы вайсковую аперацыю на поўдні, кіўнуў, што УСУ пачалі контрнаступ на розных кірунках.
"Я не скажу, што гэта толькі контрнаступ на Херсоншчыне ... Ёсць кірунак або кірункі - у множным ліку - і мы маем рухацца наперад", - сказаў ён. Паводле слоў Зяленскага, ён пакуль не можа абмяркоўваць дэталі вайсковых дзеянняў, каб "супраціўнік атрымаў ад нас некалькі сюрпрызаў".
Чым пагражае расейскаму войску страта Балаклеі
Балаклея размешчаная на паўночны захад ад Ізюма, праз яе ідуць асноўныя плыні забеспячэння буйной расейскай групоўкі, накіраванай на Славянск і Краматорск.
Праз Балаклею праходзіць траса на Купянск - чыгуначную станцыю, на якую з расейскай тэрыторыі паступае асноўны аб'ём цяжараў вайсковага прызначэння.
На ўсход ад Ізюма цячэ даволі шырокая рака Аскол, што моцна ўскладняе забеспячэнне Ізюмскай групоўкі.
Калі паведамленні аб узяцці УСУ Балаклеі пацвердзяцца, гэта сур'ёзна ўскладніць становішча расейскіх войскаў: па-першае, гэтае места засланяла іхні тыл, па-другое, адтуль адкрываюцца трасы і на Купянск, і на Вясёлае. І гэта пагражае атачэннем.