Генеральны штаб УСУ: Ёсць пагроза правакацый на мяжы з Беларуссю
- 21.01.2023, 20:11
Галоўнае з вечаровай справаздачы.
На тэрыторыі Беларусі ідзе падрыхтоўка расейскіх падраздзяленняў. Тэрмін правярання баявой гатовасці беларускіх узброеных сіл падоўжылі да 30 студзеня - захоўваецца пагроза правакацыйных памежных узброеных інцыдэнтаў.
Пра гэта гаворыцца ў вечаровай справаздачы Генштаба за суботу, 21 студзеня.
Нягледзячы на перасоўванне ў Беларусь падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў, на Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім кірунках наступальных груповак не знайшлі.
Асноўныя намаганні Расія засяроджвае на спробах поўнай акупацыі Данецкай вобласці. На Аўдзееўскім кірунку акупанты беспаспяхова вялі наступальныя дзеянні, спрабуюць наступаць на Бахмуцкім і Запарожскім, нарошчваючы інтэнсіўнае ўжыванне авіяцыі. На іншых кірунках абараняюцца.
Расейцы працягваюць абстрэлы ўздоўж усёй лініі сутыкнення. Яны распачыналі агонь па дзясятках паселішчаў і пазіцыях украінскіх вайскоўцаў з розных тыпаў узбраення на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Навапаўлаўскім, Запарожскім, Херсонскім кірунках.
Як паведамляе Генеральны штаб, на часова захопленых тэрыторыях Херсонскай вобласці акупанты ўзмацняюць кантроль уліку цывільнага насельніцтва. Яны спрабуюць стварыць базу звестак месцаў жыхарства цывільных асоб пад выглядам выканання "праграмы ашчады электраэнэргіі". Акупацыйныя "ўлады" пагражаюць цывільным жыхарам адлучэннем ад электраэнэргіі і ажыццяўляюць прымусовыя захады для падпісання "акта аб пацвярджэнні фактычнага месца жыхарства грамадзяніна".
Па ўсёй Украіне застаецца пагроза расейскіх нападаў ракетамі наземнага і паветранага базавання і дронаў-камікадзэ. На працягу дня войска РФ нанесла 26 авіяўдараў і 15 разоў пачынала агонь з РСЗА.
Авіяцыя Сіл абароны за дзень 13 атакавала абшары засяроджвання ворага і двойчы пазіцыі ЗРК акупантаў. Украінская артылерыя таксама ўдарыла па абшары засяроджвання расейцаў.