Канада афіцыйна анансавала перадачу танкаў Leopard 2 Украіне
- 26.01.2023, 21:29
Танкі паставяць у наступныя тыдні.
Канада дасць украінскім абаронцам чатыры танкі Leopard 2 у рамках вайсковай дапамогі.
Як паведамляе РБК-Украіна, пра гэта кіраўніца Мінабароны Канады Аніта Ананд заявіла падчас прэсавай канферэнцыі.
«Я абвяшчаю, што Канада дасць Украіне чатыры асноўныя баявыя танкі Leopard 2 у наступныя тыдні. Гэтая аб'ява разам з дапамогай нашых хаўруснікаў і партнёраў значна дапаможа Узброеным сілам Украіны ў іх гераічнай барацьбе за абарону свабоды і суверэнітэту іх нацыі», - заявіла міністарка.
Паводле яе слоў, гэтыя чатыры танкі баяздольныя і будуць разгорнутыя ва Украіне ў наступныя тыдні.
Таксама міністарка падкрэсліла, што Канада дае інструктараў, запасныя часткі і баявыя прыпасы. Пры гэтым яна не выключыла перадачу большай колькасці такой тэхнікі ў будучыні.
Варта заўважыць, што агулам на ўзбраенні ў Канады ёсць 82 танкі Leopard 2 розных мадыфікацый.