Яшчэ адзін замежны банк увёў абмежаванні ў працы ў Беларусі
- 20.10.2023, 21:17
Абмежаванні звязаныя з санкцыямі.
Эстонскі банк LHV увёў абмежаванні ў працы сваіх картаў на тэрыторыі Беларусі. «Пластыкам» не атрымаецца расплаціцца за тавары і паслугі, а таксама зняць гатоўку ў банкаматах у нашай краіне. Пра гэта паведамілі ў службе падтрымкі кліентаў фінустановы.
Абмежаванні ўвялі з 28 верасня, яны звязаныя з санкцыямі супраць нашай краіны, удакладнілі ў эстонскім банку.
Карткамі гэтай фінустановы не атрымаецца цяпер у тым ліку расплаціцца ў беларускіх інтэрнэт-крамах.
«Калі вы плануеце паездку ў Беларусь, рэкамендуем мець пры сабе гатоўку для аплаты», – удакладнілі ў службе падтрымкі кліентаў гэтай фінустановы.
Нагадаем, раней у верасні падобную пастанову прынялі тры міжнародныя банкі, якія працуюць у тым ліку ў Літве, – Luminor Bank, SEB Bank і SEB Bank. Яны паведамілі пра спыненне працы сваіх картак на тэрыторыі Беларусі. Гаворка як пра разлік «пластыкам» за тавары і паслугі, так і зняцце гатоўкі ў банкаматах. У кастрычніку да гэтых фінустановаў дадаўся таксама літоўскі Šiaulių bankas («Шаўлі банк»), які абвясціў, што з 11 кастрычніка цалкам спыніў аперацыі з аплатнымі картамі на тэрыторыі Беларусі.