BE RU EN

У Беларусі ўвялі абавязковае чыпаванне катоў і сабак

  • 20.10.2023, 21:52

Уладальнік павінен чыпаваць жывёлаў за 14-дзённы тэрмін з дня набыцця.

У Беларусі «дэпутаты» «палаты прадстаўнікоў» прынялі праект закона «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». Сказана, што адной з навінак дакумента з'яўляецца абавязковае чыпаванне сабак і катоў, паведамляе БелТА.

– Праектам закона «Аб адказным абыходжанні з жывёламі» прапануецца абавязковае чыпаванне сабак і катоў, – адзначае «дэпутатка» «палаты прадстаўнікоў» Марыя Васілевіч.

Яна растлумачыла, што ўладальнік павінен чыпаваць жывёлу за 14-дзённы тэрмін з дня набыцця. Паводле ейных словаў, неабходнасць увядзення абавязковага чыпавання звязаная з тым, што цяпер гэта з'яўляецца адзінай формай ідэнтыфікацыі жывёлы, якая ў поўнай ступені забяспечвае адказнае абыходжанне з імі. Акрамя таго, заўважае Васілевіч, чыпаванне дае магчымасць аблегчыць, а таксама паскарае пошук згубленых гадаванцаў. Таксама чыпаванне цалкам выключае выпадкі беспакаранага пазбаўлення ад жывёлы, дае магчымасць кантраляваць і зніжаць колькасць безнаглядных свойскіх жывёлаў, а таксама парадкуе іх перамяшчэнне праз мяжу.

– Хачу дадаць, што прапанаваная норма даволі нязвыклая для нашага грамадства, хоць і выкарыстоўваецца ў многіх краінах, у тым ліку і ў суседзяў, – адзначыла Васілевіч.

Яна зазначыла, што канчатковая пастанова пра неабходнасць прыняцця названай нормы павінна быць сфармуляваная пасля вывучэння грамадскай думкі. Так, што датычыцца публічнага абмеркавання праекту, то яно праходзіць на Нацыянальным прававым партале да 22 кастрычніка 2023 года.

Апошнія навіны