Як беларусам атрымаць дазвол на жыхарства ў Польшчы па працы
- 21.10.2023, 20:29
Інструкцыя.
Замежнікі, якія плануюць пражываць і працаваць у Польшчы, могуць атрымаць дазвол на жыхарства (карту побыту) на падставе працы або Blue Card — калі працуюць па прафесіі, якая патрабуе высокіх кваліфікацый, адзначае MOST.
Калі замежнік толькі плануе пераезд у Польшчу, але працоўнай візы яшчэ не мае, то пра пошук працы варта паклапаціцца загадзя. Знайсці прыдатную працу можна дыстанцыйна (напрыклад, знаходзячыся ў Беларусі), а потым - дамовіцца з працадаўцам аб складанні працоўнай дамовы, паводле якой у Беларусі будзе магчымасць атрымаць рабочую візу.
Атрыманне карты побыту на падставе працы даступнае іншаземцам, якія легальна працаўладкаваныя на тэрыторыі Польшчы. Калі вы знаходзіцеся ў Польшчы на падставе шэнген-візы ці турыстычнай візы, то такой магчымасці ў вас няма.
Што такое Blue Card і хто яе можа атрымаць?
Blue Card - гэта дазвол на часовае знаходжанне і працу для спецыялістаў высокіх кваліфікацый. Атрымаць такую карту могуць толькі тыя спецыялісты, у якіх ёсць дыплом аб вышэйшай адукацыі або працоўны стаж, большы за 5 гадоў — ён абавязкова павінен адпавядаць сферы дзейнасці.
Акрамя гэтага, абавязкова трэба мець працоўную дамову, падпісаную не менш як на год, і заробак, які ў 1,5 раза перавышае сярэдні па краіне. Мінімальная стаўка для падачы на Blue Card з 2023 года складае ўжо 9519 злотых брута на месяц.
На што звярнуць увагу пры падрыхтоўцы дакументаў?
Пры падрыхтоўцы дакументаў для падачы на карту побыту зверніце ўвагу на дакументы ад працадаўцы, а менавіта на Załącznik nr.1. Ад яго залежыць тэрмін атрымання ДНЖ па працы - у гэтым дакуменце працадаўца прапісвае тэрмін, на які замежнік можа атрымаць пастанову.
У выпадку з Blue Card тэрмін, на які вам могуць даць дазвол на часовае знаходжанне, залежыць не толькі ад даты, указанай у Załącznik nr. 1, але і ад таго, на які перыяд у вас укладзеная працоўная дамова. Калі вы хочаце атрымаць карту на тры гады, то працоўная дамова павінна быць падпісаная яшчэ да выдачы дазволу.
Спіс неабходных дакументаў
Для атрымання ДНЖ па працы неабходныя:
- заява, запоўненая на польскай мове;
- арыгінал пашпарта, а таксама копіі ўсіх старонак, на якіх прысутнічаюць якія-небудзь запісы ці штампы;
- працоўная дамова
- załącznik nr 1, які запаўняецца працадаўцам замежніка;
- медыцынская страхоўка (ZUS ці прыватная). Калі страхоўка аформленая на радзіме, то яна павінна быць перакладзеная на польскую мову і натарыяльна завераная;
- квітанцыя аб аплаце гербавага ўнёску (мыты);
- чатыры фатаграфіі 3,5 х 4,5 см, зробленыя не пазней, чым за шэсць месяцаў да падачы дакументаў;
- пацвярджэнне наяўнасці сродкаў на ўтрыманне;
- Апінія старасты (informacja starosty) - гэты дакумент пацвярджае, што на вашу пасаду няма ахвочых на працу сярод грамадзян Польшчы.
У выпадку з Blue Card плюс да гэтых дакументаў трэба дадаткова падаць:
- пацвярджэнне высокіх кваліфікацый (дыплом або працоўная кніжка)
- załącznik nr.2.
У некаторых ваяводствах таксама могуць запытаць:
- пацвярджэнне наяўнасці жылля ў Польшчы (арэнда, уласнасць, інтэрнат);
- прапіска (мяльдунек);
- звесткі з папярэдніх месцаў працы (калі іх было некалькі).
Усе дакументы на замежнай мове павінны мець прысяжны пераклад на польскую мову.
Пакет вышэйназваных дакументаў замежніку неабходна падаць ва ўжонд па месцы жыхарства - у аддзел працы з замежнымі асобамі. Зрабіць гэта можна не пазней за апошні дзень легальнага знаходжання на тэрыторыі Польшчы.
Звярніце ўвагу: калі карта побыту атрыманая на падставе працы, то ў выпадку страты працы іншаземец абавязаны паведаміць аб гэтым ва ўжонд цягам 15 дзён, а цягам наступных 15 дзён падаць заяву на змену пастановы. Гэта значыць, усяго ёсць 30 дзён.
У выпадку з Blue Card у вас у запасе будзе тры месяцы на пошук новай працы.
Тэрміны атрымання ДНЖ
У артыкуле 112а Закона аб іншаземцах Рэспублікі Польшча ўказана, што тэрмін разгляду заяўкі на атрыманне часовага дазволу на жыхарства не можа перавышаць 60 дзён.
Тэрміны вылічаюцца ад моманту, калі ўсе дакументы прыведзеныя ў парадак. Гэта значыць, калі выпраўленыя памылкі і недакладнасці, прадстаўлены дадатковыя запытаныя ўжондам дакументы.
Важна ведаць, што адразу пасля асабістай падачы дакументаў ва ўжондзе замежніку выдаюць даведку, якая пацвярджае разгляд справы.
Дэцызія са станоўчай ці адмоўнай пастановай прыйдзе заказным лістом. У выпадку станоўчай пастановы неабходна аплаціць 100 злотых за атрыманне пластыкавай карты. Раім плаціць адразу за выраб карты побыту, бо так ваш дакумент аўтаматычна адправіцца на друк.
Кошт атрымання ДНЖ
Дзяржаўная мыта пры падачы дакументаў на часовы ДНЖ на падставе працы будаўніцтва складае 440 злотых.
У выпадку адмовы ў ДНЖ замежнік можа прэтэндаваць на вяртанне сродкаў.
Пры станоўчай пастанове выплачваецца таксама ўнёсак у суме 100 злотых за пластыкавую картку.
Адмова ў атрыманні ДНЖ
Пастанову аб адмове ў атрыманні ДНЖ, выдадзеную першай інстанцыяй, можна абскардзіць адзін раз цягам двух тыдняў з дня атрымання пастановы на рукі.
Адмоўная дэцызія аўтаматычна накіроўваецца ў памежную службу, таму калі замежнік стане зацягваць справу, гэта можа абярнуцца праблемамі на мяжы.