У Партугаліі памёр самы стары сабака
- 23.10.2023, 20:48
Хвастаты партугалец пражыў 31 год і 163 дні.
У партугальскай вёсцы Канкейруш у сям'і Коста памёр сабака Бобі, паведаміла Кніга рэкордаў Гінеса. Хвастаты партугалец пражыў 31 год і 163 дні.
Бобі памёр 21 кастрычніка ў сваім доме, дзе пражыў усё жыццё разам з сям'ёй Коста. Пра смерць паведаміла доктарка Карэн Бекер, ветэрынарка, якая некалькі разоў сустракалася з сабакам.
Яна напісала ў Facebook: «Учора ўвечары гэты мілы хлопчык здабыў крылы. Нягледзячы на тое, што ён перажыў усіх сабак у гісторыі, яго 11478 дзён на зямлі ніколі не было б дастаткова для тых, хто яго любіў».
Бобі 2 лютага 2023 года быў абвешчаны найстарэйшым з цяпер жывых сабак у свеце і самым старым сабакам за ўсю гісторыю.
Ён быў зарэгістраваны ў 1992 годзе ў ветслужбе муніцыпалітэта, якая пацвердзіла дату яго народзінаў.
Узрост Бобі таксама быў пацверджаны SIAC, базай звестак свойскіх жывёлаў, аўтарызаванай урадам Партугаліі.
Бобі нарадзіўся ў прыплодзе з чатырох шчанюкоў, аднак, паколькі ў сям'і ягонага гаспадара Леанэля ўжо было занадта шмат жывёлаў, бацька пастанавіў іх не пакідаць.
«На жаль, у той час пажылыя людзі ўважалі за норму... хаваць жывёлаў у яме, каб яны не выжылі», – расказаў Леанэль.