Амаль палова беларускіх пенсіянераў сутыкаліся з махлярствам
- 23.10.2023, 20:51
Сацапытанне.
43,8 адсотка пенсіянераў сутыкаліся з выпадкамі махлярства. Такія звесткі тэлефоннага сацапытання прыводзіць Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведамляе прэс-служба НАН.
Звесткі апытання паказалі, што з выпадкамі махлярства сутыкаліся 43,8% апытаных пенсіянераў, не сутыкаліся – 56,2%. Большасць тых, хто сутыкнуўся з махлярствам, не панеслі ніякай шкоды (83,6%). Пры гэтым 16,4 адсотка ўказалі, што пацярпелі ад дзейнасці аферыстаў.
Пенсіянеры разумеюць, што ў выпадку трапляння ў ашуканскія схемы неабходна звяртацца па дапамогу. Большасць удзельнікаў апытання ў такіх сітуацыях выбіраюць звярнуцца ў міліцыю (78,2%). Скарыстаюцца дапамогай сяброў або сваякоў 11,6% рэспандэнтаў, звернуцца ў службу сацыяльнай абароны 1,5% апытаных, у грамадскія арганізацыі – 0,3%. Толькі 6,3% апытаных адзначаюць, што ў выпадку сутыкнення з махлярствам не будуць звяртацца па дапамогу. Не змаглі адказаць 5,0%.
З мэтай вывучэння грамадскай думкі пра праблемы, якія хвалююць насельніцтва пенсійнага веку, Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі ў ліпені – жніўні 2023 года праведзенае тэлефоннае апытанне. Даследаванне праводзілася ва ўсіх абласных гарадах і горадзе Менску, асобных раённых гарадах і сельскіх населеных пунктах (памылка выбаркі ±4,0%). У апытанні ўдзельнічалі асобы ва ўзросце ад 58 гадоў. Выбарачная сукупнасць – 601 рэспандэнт.