Ужо пяць гадоў у Беларусі не з'яўляюцца новыя аграгарадкі
- 23.10.2023, 21:42
На іх было выдаткавана $50 мільярдаў.
Самая доўгая назва населенага пункта ў Беларусі складаецца з 24 літараў, а сярод самых распаўсюджаных «імёнаў» вёсак – Навасёлкі, піша Дзяржкамітэт маёмасці. Там таксама паведамілі, што вось ужо пяць гадоў у Беларусі не з'яўляюцца новыя аграгарадкі. Як паведамляў палітык Валерый Цапкала, на іх было выдаткавана $50 мільярдаў.
Падлічана, што ў Беларусі блізу 20 адсоткаў найменняў адлюстроўваюць асаблівасці мясцовай прыроды. Напрыклад, Дуброўна, Бярозаўка, Ельск.
Топ колькасці назваў населеных пунктаў выглядае так:
Навасёлкі – 111,
Слабада – 74,
Забалацце – 63,
Каменка – 61,
Залессе і Зарэчча – 55,
Слабодка – 49,
Заполле – 46,
Рудня – 45,
Малінаўка і Селішча – 43.
Вёска з самай доўгай назвай – Стараганцавіцкая Слабада Лагойскага раёна (24 літары). Уладальнікі самых кароткіх – хутар Ор Кобрынскага раёна, вёскі Шо Глыбоцкага раёна і Яя на Браслаўшчыне.
Населеныя пункты рэгіструюцца ў адзіным рэестры тэрытарыяльных адзінак, які вядзе Нацыянальнае кадастравае агенцтва Дзяржкаммаёмасці. Там адлюстраваныя і змены, якія адбываюцца з 1999 года. Найбольш часта рэгіструюцца змены ў частцы ўжывання літары е/ё. А перайменаванняў за апошнія пяць гадоў не было.
Аграгарадкі і новыя назвы
З 2005 года ў Беларусі з'явіліся аграгарадкі. Цяпер іх 1426. Самыя маладыя – Козенкі, Крынічны, Махновічы, Мялешкавічы, Скрыгалава, Слабада Мазырскага раёна і Уборак на Лоеўшчыне, якія атрымалі гэты статус у 2018 годзе.
За тры апошнія гады спынілі існаванне (далучыліся да буйнейшых) блізу 70 сельскіх пунктаў. З'яўляюцца і новыя пункты на мапе краіны – за апошняе дзесяцігоддзе іх у рэестры створана 12. Да самых маладых адносяцца хутар Жароўка Калінкавіцкага раёна (2022 год), пасёлак Дачны – Менскага (2018 год) і вёска Станцыя Закруцін – Маларыцкага (2017 год).
Начынне, сяброўства, ягады, планеты
У Беларусі нямала найменняў, звязаных з кухонным начыннем або рэчамі, якія выкарыстоўваюцца ў побыце: Скавародзіна, Ножніцы, Пугаўкі, Сапажкі, Лажкі, Вочкі (аўтар меркаваў, што гэта акуляры з расейскага Очки, але вёска пад Берасцем на беларускай мове называецца Вочкі, а гэта ніяк не акуляры, як і Лажкі з націскам на «і» – не Лыжкі. – Заўвага рэд.)
Ёсць назвы, ад якіх вее пазітывам: сем вёсак і пасёлкаў Дружба, у Камянецкім раёне існуюць вёскі Радасць і Забава, Бібкі – на Гарадзеншчыне, Мурмішкі – на Віцебшчыне.
У краіне налічваецца блізу дзясятка вёсак з фруктова-ягаднымі назвамі: Ягадкі, Смародзінка, Вішанка, Чарнічка, Сліўка.
Вядомыя Венера ў Лагойскім раёне, Марс і Юпітэр – у Дзяржынскім, населеныя пункты Казярогі – у Лоеўскім, Блізняты – у Рагачоўскім і Стральцы – у Мастоўскім раёне.