Ваенная дапамога ЗША Украіне за год склала $ 24 млрд
- 28.12.2023, 21:30
Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны.
ЗША за 2023 год далі Украіне 34 пакеты ваеннай дапамогі агульным памерам больш за 24 млрд даляраў (21,6 млрд еўраў), паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў чацвер, 28 снежня. «Patriot, Abrams, бронемашыны, ATACMS, DPICM, СПА, ракеты, артылерыйскія снарады, сродкі размінавання і іншае крытычна важнае абсталяванне», – назваў прэзідэнт.
Зяленскі падзякаваў «прэзідэнту Джо Байдэну, Кангрэсу і амерыканскаму народу» за новы пакет ваеннай дапамогі памерам 250 мільёнаў даляраў (225 млн еўраў), абвешчаны напярэдадні.
Зяленскі адзначыў таксама важнасць «гістарычнай пастановы» пра вылучэнне Украіне знішчальнікаў F-16. «Мы заўсёды будзем удзячныя за ўсю гэтую падтрымку», – напісаў ён, падкрэсліўшы, што Украіна абараняе «свабоду і бяспеку не толькі ва Украіне і Еўропе, але і ў Злучаных Штатах» і павінна «як мага мацней і ўпарта процідзейнічаць расейскай агрэсіі».
«Лідарства ЗША ў кааліцыі з больш за 50 краінаў, якія вылучаюць Украіне ваенную дапамогу, мае галоўнае значэнне для супрацьдзеяння тэрору і агрэсіі не толькі ва Украіне, але і ва ўсім свеце», – рэзюмаваў прэзідэнт Украіны.
Напярэдадні на сайце амерыканскага Мінабароны быў апублікаваны поўны спіс новага пакета ваеннай дапамогі «ў галіне бяспекі для задавальнення крытычных патрэбаў Украіны ў галіне бяспекі і абароны» – пяцьдзясят чацвёрты транш, вылучаны адміністрацыяй Байдэна з запасаў Міністэрства абароны ЗША для Украіны са жніўня 2021 года. Як паведаміў у сераду дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, гэта апошні пакет дапамогі Вашынгтона Кіеву ў 2023 годзе.
У гэты «вельмі неабходны пакет» коштам 250 мільёнаў даляраў, увайшлі боепрыпасы для зенітнай ракетнай сістэмы NASAMS, зенітныя ракеты Stinger, ракеты TOW з аптычным навядзеннем, супрацьтанкавыя сістэмы Javelin, два тыпы артылерыйскіх снарадаў, 15 мільёнаў патронаў для стралковай зброі, важныя для супрацьдзеяння расейскай агрэсіі абсталяванне і боепрыпасы.
«Гэтыя магчымасці падтрымаюць самыя надзённыя запатрабаванні Украіны, каб дазволіць яе сілам абараняць свой суверэнітэт і незалежнасць», – гаворыцца ў паведамленні.
У кастрычніку прэзідэнт ЗША Джо Байдэн накіраваў у Кангрэс запыт на экстраннае фінансаванне памерам 106 млрд даляраў для Украіны, Ізраіля і аперацый у Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне. Заканадаўцы пакуль не дамовіліся пра вылучэнне гэтых сродкаў. Кангрэс ЗША вернецца да пытання дапамогі Украіне толькі ў студзені 2024 года.