Канец рэжыму і «маньяк Пуцін»: расейская прапаганда «выбухнула» антываеннымі публікацыямі
- 11.02.2023, 21:10
Публікацыі прысвечаныя не толькі злачынствам крамлёўскага рэжыму.
Расейскае прапагандысцкае выданне «Камсамольская праўда» нечакана выбухнула сэрыяй праўдзівых публікацый пра Украіну, анэксаваныя Расеяй тэрыторыі і вайну. Усе гэтыя публікацыі нібыта напісаў і змясціў рэдактар стужкі навін Уладзімір Раманенка.
Як паведамляе «Уніан», на сайце прапагандысцкага выдання адначасова з'явілася сэрыя артыкулаў аб вайне, якую Расея распачала супраць Украіны. Напрыклад, у тэксце згадалі аб стратах сярод цывільнага насельніцтва ва Украіне, аб тым, што «маньяк-Пуцін марнуе грошы на забойства мірнага народа Украіны» і што вайна скончыцца тады, калі «дыктатар Пуцін страціць уладу».
Публікацыі прысвечаныя не толькі злачынствам крамлёўскага рэжыму. Аўтар таксама пісаў аб другой хвалі мабілізацыі ў Расеі, аб колькасці загінулых у шэрагах расейскага войска і катаванні палітычных вязняў - Аляксея Навальнага, Уладзіміра Кара-Мурзы і Іллі Яшына.
Цяпер "КП" усе публікацыі выдаліла, але чытачы паспелі зрабіць запіс экрана антываенных матэрыялаў на сайце. Невядома, ці сапраўды аўтарам усіх гэтых матэрыялаў быў Раманенка. Таксама невядома, што адбылося з ім пасля гэтага смелага ўчынку.