Праваслаўны святар з Менска пайшоў ваяваць ахвотнікам за Расею
- 13.04.2023, 21:31
Максім Логвінаў родам з Кастрамы.
Праваслаўны святар, протадыякан менскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора Максім Логвінаў пайшоў ахвотнікам ваяваць за Расею. Пра гэта расказаў ягоны бацька святар Андрэй Логвінаў з Кастрамы. Паводле ягоных слоў, сына на гэта блаславіў мітрапаліт Веньямін, кіраўнік БПЦ, піша «Хрысцiянская вiзiя».
У кастрычніку 2022 Максім Логвінаў прыехаў на радзіму ў Расею, у Кастраме зрабіў рэгістрацыю ў бацькавым доме. Пасля гэтага ён пайшоў у вайсковы камісарыят і запісаўся ахвотнікам на вайну ва Украіну.
Цяпер Логвінаў прыехаў у Менск «у адпачынак» і ў святочныя дні мерыцца служыць у саборы.
Максіму Логвінаву 48 гадоў. Ён — намеснік старшыні Сінадальнага аддзела ў справах моладзі БПЦ, узначальваў дзейнае пры Свята-Петра-Паўлаўскім саборы "вайскова-патрыятычнае брацтва", удзельнікі якога трэнаваліся разам з карнікамі.