BE RU EN

Беларусы ляцелі ў Варшаву, а нечакана прызямліліся ў Менску

  • 21.04.2023, 17:00

Пасажыры адчулі шок.

У варшаўскім аэрапорце Модлін праходзяць здымкі фільма пра Беларусь. Чытач MOST Аляксей звярнуў увагу, як польскі аэрапорт на час стаў менскім і паспеў здзівіць пасажыраў.

Які фільм здымаюць у аэрапорце Модлін, журналісты высветліць не змаглі. У прэс-службе аэрапорта распавялі, што яны не маюць інфармацыі аб здымках.

Чытач Аляксей мяркуе, што стужка можа быць звязаная з вымушанай пасадкай у Менску самалёта Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню ў траўні 2021 года.

- Не ведаю, хто здымае гэты фільм, не ўдакладнілі на пляцоўцы. Аўтобусы стаялі сінія з менскімі нумарамі, таксоўкі 7220, жанчыны ў футрах, як з Савецкага Саюза. Мы падышлі і спыталі, што адбываецца, а аператар паляк сказаў, што Пуцін пайшоў яшчэ далей і пасмяяўся, - распавёў Аляксей.

Беларус адзначае, што ў Модліне ўдалося ўзнавіць менскі аэрапорт і некаторыя пасажыры на час адчулі сябе ў Беларусі.

- Ляцелі ў Варшаву, а апынуліся ў Менску. Толькі выйшлі з аэрапорта і бачым герб, пераглядаемся ўсе паміж сабой і ў непаразуменні «дзе мы знаходзімся...». Мы спазніліся на самалёт, які ў панядзелак ляцеў з Італіі і нам давялося шукаць новыя квіткі, у выніку мы ляцелі ў Францыю, а адтуль у Варшаву. Гэтым маршрутам я сам займаўся. І вось прыляцелі ў «Менск». Мае думкі: «Халера, што за квэст, чаму мы такія касячныя? Куды я квіткі ўзяў? Як такое магчымае? Я дакладна бачыў польскую мову на табло пакуль ішоў да выхаду, я дакладна памятаю польскія кошты ў кавярні, не можа быць, не можа быць такога!» На некалькі секундаў я рэальна падумаў, што мы ў Менску. І сябар кажа сур'ёзным голасам: «А што, ты не чуў, што абвясцілі пра пасадку самалёта ў Менску?». Гэта яшчэ ўдвая мяне спалохала, - сказаў Аляксей.

Магчыма, «Менск» у аэрапорце Модліна, гэта здымкі фільма Агнешкі Холанд пра мігрантаў на беларуска-польскай мяжы. Стужка будзе расказваць аб крызісе на мяжы Польшчы і Беларусі. Галоўнымі героямі стануць мігранты з Сірыі і Афганістана, жыхары Падляшша, а таксама супрацоўнікі пагранічнай службы. Дэталі фільма трымаюцца ў сакрэце.

Апошнія навіны