BE RU EN

«Пэўным этапам гэтага праекту быў таемны візіт нямецкага дэпутата ў Беларусь»

  • 21.04.2023, 21:42

Як Крэмль рыхтаваў прарасейскую партыю ў Нямеччыне.

Палітолаг Аляксандр Фрыдман у сваім Telegram-канале пракаментаваў планы Крамля ў стварэнні ў Нямеччыне прарасейскай партыі – звязу «левых» і «правых».

Washington Post публікуе шырокі матэрыял пра «нямецкія планы» Крамля, які а) дэманструе вельмі нізкі ўзровень экспертызы і неразуменне дынамікі палітычных працэсаў у Нямеччыне (што не здзіўляе) і б) ставіць у няёмкае становішча палітычныя сілы, якія некалі адкрыта сімпатызавалі Расеі, а цяпер калі і спачуваюць Крамлю, то дзейнічаюць больш асцярожна.

Здабытыя еўрапейскімі спецслужбамі дакументы з АП РФ паказваюць, што Крэмль яшчэ ў другой палове мінулага года рабіў стаўку на стварэнне новай палітычнай сілы ў Нямеччыне, якая будзе выступаць з прарасейскіх пазіцый, стане маторам антываеннага руху і ўзначаліць барацьбу з антырасейскім санкцыямі. Праект быў запушчаны хутчэй за ўсё на прамое ўказанне Пуціна, які ўважае сябе за «эксперта ў Нямеччыне», а каардынаваў ягоную рэалізацыю першы намеснік кіраўніка АП Сяргей Кірыенка.

Новай палітычнай сілай павінен быў стаць альянс правых папулістаў з «Альтэрнатывы для Нямеччыны» і «Левай партыі», а роля лідара партыі «Нацыянальнага адзінства» была падрыхтаваная самаму папулярнаму палітыку «Левай партыі», у мінулым рэгулярнай госці канала RT Сары Вагенкнехт.

Сама Вагенхкнет кантакты з Масквой, зразумела, аспрэчвае, але ў публікацыі WP адзначаецца, што Крэмль падтрымліваў сувязі як мінімум з адным чалавекам з атачэння палітыка, а таксама з шэрагам сяброў «Альтэрнатывы для Нямеччыны». Пэўным этапам гэтага праекту быў імаверны і таемны візіт дэпутата Бундэстага ад «АдГ» Пятра Быстрона ў Беларусь у лістападзе 2022 года, які згадваецца ў публікацыі.

Крэмль не абмяжоўваўся, аднак, толькі падтрымкай «партыйнага праекту». Стаўка рабілася і на змену грамадскай думкі – сярод іншага з дапамогай дэзынфармацыі, антыеўрапейскіх і антыўкраінскіх акцый у сацыяльных сетках і арганізацыі пратэстаў.

Ці можна сказаць, што расейская задума правалілася? У цэлым так! Чуткі пра блізкае стварэнне «партыі Вагенкнехт» з'явіліся яшчэ восенню, але пакуль так і засталіся чуткамі. «Рух за мір», які імкнецца стварыць Вагенкнехт, правёў шэраг акцый, але сур'ёзных поспехаў пакуль не дасягнуў. Прарасейскія настроі ў нямецкім грамадстве хоць і прысутнічаюць (асабліва ва ўсходняй частцы краіны), але носяць хутчэй маргінальны характар.

Публікацыя WP наносіць удар па рэпутацыі Вагенкнехт і робіць стварэнне новай партыі малаверагодным. Занадта ўжо відавочнай будзе цяпер гульня на баку Крамля.

Апошнія навіны