Пад Менскам прадаюць базу адпачынку на 200 чалавек
- 23.04.2023, 21:57
За 7 мільёнаў рублёў.
Пад Менскам у пасёлку Гарадок (каля 55 кіламетраў ад сталіцы) прадаюць базу адпачынку "Лідзія" за 7 мільёнаў рублёў. Інфармацыя апублікаваная на сайце аўкцыённай пляцоўкі "Белрэалізацыя".
Адзначаецца, што плошча тэрыторыі складае 4,44 гектара, дзе размешчана 16 будынкаў. Гэта тры гатэльныя комплексы, фітнэс-цэнтр, кавярня, рэстарацыя, а таксама расейская і фінская лазні. Акрамя таго, турыстычны комплекс мае ахоўную стаянку, валейбольную пляцоўку. Таксама ёсць дзіцячае гульнявое мястэчка і ўласная свідравіна з артэзіянскай вадой.
У паведамленні гаворыцца, што комплекс знаходзіцца ў сасновым бары, побач ёсць возера. База адпачынку працуе з 2008 года і можа адначасова прыняць да 200 чалавек. Правядзенне аўкцыёну запланавана на 3 траўня 2023 года. Пачатковы кошт комплексу складае 7 мільёнаў рублёў.