BE RU EN

Лукомскую ДРЭС ахапілі масавыя звальненні

  • 13.05.2023, 21:57

Некаторым работнікам прапануюць напісаць заявы «на ўласнае жаданне».

Намеснік дырэктара філіялу «Віцебскія энэргетычныя сеткі» РУП «Віцебскэнэрга» ў «ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце» Вольга Гарбадзей, адкрыта паведаміла ў праграме навін «Віцебскі веснік», што з работнікамі, якіх прыгаварылі да арыштаў або штрафаў за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» і за «несанкцыянаванае пікетаванне», «працоўныя дачыненні спынены», піша «Віцебская вясна».

«Ідэолаг» заявіла, што «звальненне гэтай катэгорыі работнікаў істотнага ўплыву на працоўны працэс не аказвае», бо, маўляў, на ДРЭС і без іх хапае кваліфікаваных кадраў для забеспячэння «бесперабойнага вытворчага працэсу». Праўда, ніякіх лічбаў не прывяла.

Між тым, колькасць звольненых на прадпрыемстве, сцвярджаюць праваабаронцы, ідзе ўжо на дзясяткі, а некаторыя работнікі Лукомскай ДРЭС сцвярджаюць нібыта, што нават на сотні. Некаторым работнікам прапануюць напісаць заявы «на ўласнае жаданне», палохаючы дрэннымі наступствамі ў выпадку нязгоды.

Вядома як мінімум пра 5 судоў над работнікамі ДРЭС, затрыманымі ў мінулым месяцы. За так званае «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» траім затрыманым прысудзілі па 20 дзён арышту. Адзін з іх асуджаны за фатаграфію, якую калісьці пераслаў сваёй дзяўчыне, зараз ужо жонцы. Здымак быў з «экстрэмісцкага» рэсурсу, а на ім – выява стала і лаўкі ў белым і чырвоным колерах з Пагоняй.

Яшчэ двое асуджаных павінны выплаціць штрафы сумаю ў 1110 і 2590 рублёў.

Да ўвагі сілавых структур трапляюць у апошнія месяцы ў Новалукомлі не толькі супрацоўнікі ДРЭС: напрыклад, 20 дзён арышту прысудзілі хірургу Сяргею Нарэйку. Не выключана, што ён таксама страціць працу, нягледзячы на тое, што мэдычных кадраў у Чашніцкім раёне востра не стае. На 15 содняў быў асуджаны і пастар Царквы Хрысціян Веры Евангельскай Аляксандр Зарэцкі.

Апошнія навіны