У Бахмуце паранены беларускі добраахвотнік Дзяніс Урбановіч
- 18.05.2023, 17:17
Гэта ягонае чацвёртае раненне на вайне за незалежнасць Украіны.
Як стала вядома «Нашай Ніве», лідар «Маладога фронту», а цяпер - баец батальёна «Волат» палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс Урбановіч атрымаў ужо чацвёртае раненне на вайне за незалежнасць Украіны.
Раненне баец атрымаў у Бахмуце, дзе цяпер ваюе ў тым ліку батальён «Волат» палка Кастуся Каліноўскага.
Пра гэта «НН» паведамілі пабрацімы байца. Раненне характарызуюць як «не цяжкае». Ён знаходзіцца на лячэнні.
Сам Урбановіч пакуль свой стан не каментаваў.
Гэта ўжо чацвёртае раненне лідара «Маладога фронту».
Да гэтага яго ўжо кантузіла, асколак залятаў у руку, а куля - у грудзі. Кожны раз Дзяніс вяртаўся на фронт.
«Патрапіла куля проста ў грудзі і пайшла па целе, уперлася ў рэбры. Дыхаць не вельмі добра, лёгкае пашкоджанае», - флегматычна апісваў адно са сваіх папярэдніх раненняў каліновец.
Дзяніс Урбановіч мае пазыўны «Ваўкалак».
Вядома аб 22 беларусах, якія загінулі пасля лютага 2022-га, абаранялі Украіну і Беларусь. Яшчэ чацвёра прапалі без вестак, двое трапілі ў палон. Усяго ў складзе ўкраінскага войска ваююць сотні беларусаў.
Баі за Бахмут ідуць ужо 9 месяцаў. Гэты накірунак застаецца адным з самых гарачых месцаў на фронце. З 10 траўня ўкраінскія войскі тут перайшлі ў контрнаступленне і ва ўпартых баях вярнулі кантроль над 25 квадратнымі кіламетрамі на поўнач і паўднёвы захад ад горада, у тым ліку над шэрагам важных вышынь.