Зяленскі: Брыгады абароны галоўныя стратэгічныя задачы выканалі
- 18.05.2023, 21:50
Прэзідэнт Украіны правёў пасяджэнне ваеннага кабінета.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўвечары 18 траўня правёў паседжанне ваеннага кабінета. Пра гэта ён паведаміў падчас свайго відэазвароту.
Украінскі лідар расказаў, што ваенны кабінет – гэта «асаблівы фармат працы ў вузкім коле з тымі, хто адказвае за абарону дзяржавы».
Паводле словаў Зяленскага, на пасяджэнні былі камандзіры ключавых кірункаў фронту, галоўны камандзір УСУ Валерый Залужны, Генштаб, выведка і тыя, хто адказвае за бяспеку.
«Першае: брыгады абароны – малайцы, галоўныя стратэгічныя задачы выканалі, дэталі цяпер не час паведамляць. Другое: брыгады наступу – малайцы, рыхтуемся, без дэталяў. Трэцяе: датычна абароны цывільных асобаў – Паветраныя сілы – малайцы», – адзначыў прэзідэнт.
Ён дадаў, што прыярытэты на гэты тыдзень, наступны і найбліжэйшы час у цэлым – дадатковыя сістэмы СПА, дадатковыя ракеты, вучэнні і самалёты, дальнабойная зброя.
«І гэта будзе», – коратка падсумаваў кіраўнік украінскай дзяржавы.