BE RU EN

Санкцыі за супрацоўніцтва з РФ дабраліся да індыйскіх кампаній

  • 21.05.2023, 20:09

Дэталі для шмат якіх тыпаў тэхнікі будзе атрымаць больш складана.

Нацыянальнае агенцтва прадухілення карупцыі Украіны (НАПК) унесла індыйскую кампанію CK Birla Group у пералік міжнародных фундатараў вайны. Пра гэта паведамляе прэсавая служба ўстановы.

CK Birla Group і яе даччыная кампанія National Engineering Industries (NEI, брэнд NBC Bearings) дапамагаюць расейскаму ВПК замяняць крытычна важныя еўрапейскія і амерыканскія дэталі для вайсковай тэхнікі, у тым ліку падвалкі.

Гэта крытычная дэталь для шмат якіх тыпаў тэхнікі: танкаў, іншых панцырных, тракавых машын і авіяцыі. Да таго ж, падвалкі неабходныя для функцыянавання чыгункі - асноўнага спосабу расейскага вайсковага забеспячэння і ўсёй расейскай лагістыкі, адзначылі ў НАПК.

РФ не здольная вырабляць падвалкі дастатковай якасці і ў дастатковай колькасці. Толькі ў 2020 годзе Расея імпартавала падвалкаў на $419 млн. Больш за палову (55%) паходзілі з краін Еўропы і Паўночнай Амэрыкі, а найперш з Нямеччыны - 16%.

Пасля шырокамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну еўрапейскія і амэрыканскія вытворцы пакінулі расейскі рынак. Галоўныя танкабудаўнічыя і танкарамонтныя прадпрыемствы Расеі - "Уралвагонзавод" і "Омсктрансмаш" - праз адсутнасць гэтых дэталяў цалкам спыніліся. Значныя праблемы ўзніклі ў канструяванні самалётаў, караблёў, субмарын і абслугоўванні цягнікоў.

Менавіта CK Birla Group дапамагла кампенсаваць нястачу. З красавіка 2022 да сакавіка 2023 года дзель NBC Bearings у імпарце падвалкаў з Індыі ў Расею склала 38,4% (на $12,3 млн). Асноўным пакупніком стала група Еўрапейская падвалкавая карпарацыя, прадукцыя якой актыўна выкарыстоўваецца ў працэсе вырабу лакаматываў, авіяцыі, ракетных комплексаў ды іншай вайсковай тэхнікі.

"Мы заклікаем гэтую кампанію і іншых вытворцаў тавараў падвойнага прызначэння адмовіцца ад пастаўкі прадукцыі дзяржаве-тэрарысту РФ", – адзначыў кіраўнік НАПК Аляксандр Новікаў.

Іншая даччыная кампанія групы CK Birla, вытворца цэменту Ultratech, ужо трапляла ў санкцыйныя спісы, закупляючы вугаль у расейскай СВЭК за юані для абыходу даляравых санкцый.

Апошнія навіны