Беларус хацеў набыць пасведчанне кіроўцы ў сацсетцы, але нешта пайшло не так
- 21.05.2023, 21:47
Кіроўца, які не адбыўся, пазбавіўся больш за тысячу рублёў.
Пад Карэлічамі 33-гадовы мужчына хацеў купіць пасведчанне кіроўцы і пазбавіўся больш як тысячы рублёў. Пра здарэнне расказалі ва УУС Гарадзенскага аблвыканкама.
У ведамстве паведамілі, што ў пачатку сакавіка 2023 года 33-гадовы жыхар Карэліцкага раёна ў адной з сацсетак знайшоў старонку, дзе можна было купіць пасведчанне кіроўцы. Разам з тым у мужчыны мелася пасведчанне кіроўцы на права кіравання трактарам, але атрымаць катэгорыю «В» у яго не атрымлівалася.
Падчас перапіскі з прадаўцом ён пералічыў папярэднюю аплату за некалькі рат на ўказаны банкаўскі рахунак. Затым зламыснік даслаў фота пасведчання кіроўцы і сказаў, што дакумент ужо знаходзіцца ў ДАІ, аднак варта ўнесці яшчэ даплату.
- Агулам даверлівы мужчына ў некалькі этапаў пералічыў 1 150 рублёў, - паведамілі ў ведамстве.
І дадалі, што калі кур'ер не даставіў пасведчанне кіроўцы, мужчына напісаў махляру, але быў заблакаваны. Пасля гэтага жыхар Карэліцкага раёна звярнуўся з заявай у міліцыю.