На МКС скіраваўся другі камерцыйны рэйс
- 22.05.2023, 21:28
Прыватным касмічным караблём упершыню камандуе жанчына.
У ноч на 22 траўня з касмадрома на востраве Мэрыт (штат Флорыда) стартавала ракета-носьбіт «Фалькон 9» з караблём «Кру Дрэгон», які атрымаў уласнае імя «Фрыдам». На Міжнародную касмічную станцыю (МКС) выправіўся экіпаж з чатырох астранаўтаў, паведамляе «Медуза».
Незвычайны ў гэтай місіі, перш за ўсё, яе камерцыйны характар: астранаўтаў на МКС цяпер дастаўляе не «Раскосмас» ці NASA (і нават не SpaceX Ілана Маска, якая выступае тут толькі ў ролі падрадніка), а прыватная кампанія Axiom Space. Гэта ўжо другая яе касмічная місія. Першы для яе палёт на МКС адбыўся амаль роўна год таму і праходзіў з 8 да 25 красавіка 2022 года.
На патрабаванне NASA, узначаліць каманду павінен быў прафесійны астранаўт, які мае досвед касмічных палётаў на МКС. У выніку першай у гісторыі жанчынай-камандзіркай прыватнага касмічнага карабля стала Пэгі Уітсан, былая астранаўтка NASA, рэкардсменка ў сумарным знаходжанні ў космасе сярод усіх амерыканцаў і жанчынаў (665 дзён). У 2007 годзе на МКС яна стала першай у гісторыі жанчынай-камандзіркай экспедыцыі на арбітальнай станцыі. Закончыўшы працу ў NASA у 2018 годзе, Уітсан перайшла на працу ў Axiom Space.
Апроч яе ў складзе цяперашняй місіі:
Пілот карабля Джон Шэфнер, бізнэсмэн і лётчык. Адзіны ўдзельнік, які самастойна аплаціў палёт у космас у складзе місіі (кошт не выдаваўся).
Спецыяліст палёту нумар адзін, Алі аль-Карні – лётчык-знішчальнік Каралеўскіх ваенна-паветраных сілаў Саудаўскай Аравіі.
Спецыяліст палёту нумар два, Раяна Барнаві – першая жанчына-астранаўтка з Саудаўскай Аравіі, біёлаг даследчай лабараторыі Спецыялізаванай лякарі і даследчага цэнтра караля Фейсалаў Эр-Рыядзе. Займаецца вывучэннем раку малочнай залозы і ракавых ствалавых клетак.
Гэта другі палёт грамадзянаў Саудаўскай Аравіі ў космас, які праходзіць амаль праз сорак гадоў пасля таго, як у 1985 годзе на шатле «Атлантыс» на арбіту рушыў прынц гэтай краіны і лётчык Султан бен Сальман. Раяна Барнаві і Алі аль-Карні былі адабраныя Камісіяй касмічных даследаванняў Саудаўскай Аравіі, урад краіны аплаціў іх місію.
Цікава, што на МКС цяпер ужо прысутнічае арабскі астранаўт – Султан аль-Нэядзі з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. На дамову з NASA, ён мінуў падрыхтоўку астранаўта ў ЗША, у сакавіку 2023 гады паляцеў на МКС на караблі «Кру Дрэган» у складзе амерыканскага экіпажу і правядзе там у агульнай колькасці паўгода.
Экспедыцыю Axiom Space нельга назваць цалкам турыстычнай: экіпаж правядзе больш за 20 біялагічных, медыцынскіх, фізіка-тэхналагічных і адукацыйных эксперыментаў, 14 з іх – пад кіраўніцтвам саудаўскіх навукоўцаў. Пакуль у кампаніі няма ўласных адсекаў на МКС, так што ў гэты раз і ў найбліжэйшыя гады экіпажы будуць карыстацца існым навуковым абсталяваннем і рэсурсамі. Але пасля 2025 года кампанія пабудуе ў амерыканскай частцы МКС камерцыйны сегмент – які ў будучыні, пасля звядзення асноўнай станцыі з арбіты, стане асобнай арбітальнай станцыяй.
Акрамя палётаў на нізкую арбіту кампанія Axiom Space удзельнічае ў месяцовай праграме ЗША, у якасці распрацоўніка месяцовых скафандраў для праграмы «Артэміда». Прататып скафандра Axiom Extravehicular MobilityUnit (AxEMU) быў прадстаўлены СМІ 15 сакавіка гэтага года.
Пасля таго як карабель «Фрыдам» апынецца на калязямной арбіце, колькасць касманаўтаў і астранаўтаў, якія здзейснілі арбітальныя палёты за ўсю касмічную эру, дасягне 600 чалавек. І калі ўсё пойдзе паводле плану, у канцы траўня будзе яшчэ і ўсталяваны новы рэкорд адначасовага знаходжання людзей у космасе – сямнаццаць чалавек. На МКС будзе адзінаццаць касманаўтаў і астранаўтаў, на кітайскай арбітальнай станцыі – яшчэ шэсць. Дзейны пакуль рэкорд – чатырнаццаць чалавек – быў устаноўлены 16 верасня 2021 года.
Чакаецца, што экспедыцыя Axiom-2 правядзе на борце МКС восем дзён, пасля чаго прыводніцца ў Атлантычным акіяне ля ўзбярэжжа той жа Флорыды.