BE RU EN

Навукоўцы патлумачылі, чаму з немаўлятамі трэба размаўляць з самага нараджэння

  • 28.05.2023, 20:40

Неймавернае адкрыццё.

Навукоўцы высветлілі, што рэгулярныя размовы з немаўлятамі з самага нараджэння ўплываюць на іхнюю нэрвовую сістэму і дапамагаюць сфармаваць структуру мозгу, які расце. Напрыклад, у большасці малых, з якімі часта размаўлялі, выпрацоўваўся міелін.

Пра гэта гаворыцца ў выніках даследавання, якія апублікаваныя ў The Journal of Neuroscience.

У эксперыменце, які праводзілі даследчыкі з Універсітэта Усходняй Англіі, высветлілася зусім неймаверная ўзаемасувязь паміж размовамі і развіццём немаўлят.

Аналіз паказаў, што ў дзяцей, якія рэгулярна чуюць больш людскіх размоў, нэйроны выглядаюць больш эфектыўнымі.

Так, нэйроны ў абсягу, звязаным з апрацоўкай гаворкі, змяшчаюць вялікую канцэнтрацыю міеліну.

Даследнікі выкарыстоўвалі прыладу для запісу, умайстраваную ў камізэльку, каб фіксаваць усе гукі і чалавечую гаворку, якую чуе немаўля. Яны збіралі звесткі на працягу некалькіх дзён у 87 шасцімесячных дзяцей і 76 дзяцей у веку блізу 2,5 года. Агулам было сабрана больш за 6,2 тысячы гадзін запісаў звестак.

Частка дзяцей (84 чалавекі), якія, мяркуючы са звестак, чулі розны аб'ём гаворкі, былі адабраныя для МРТ-тэставання. Навукоўцы правялі сканаванне галаўнога мозгу немаўлят, каб высветліць колькасць міеліну, які знаходзіцца вакол нэрвовых каморак.

"Мы ведаем, што дзіцячы мозг вельмі хутка развіваецца ў першыя два гады жыцця, і да двух гадоў яго аб'ём складае прыкладна 80% ад аб'ёму мозгу дарослага чалавека", – тлумачыць суаўтар даследавання, кагнітыўны псіхолаг Джон Спэнсэр.

Міелін - гэта складаная структура, якая фармуе абалонку нэрвовых канчаткаў. Гэтая структура працуе, як ізаляцыйная стужка на дроце, і пакрыццё паляпшае хуткасць і эфектыўнасць перадачы сігналаў паміж нэйронамі.

Падчас развіцця мозгу ў дзіцяці колькасць міеліну пакрысе павялічваецца. Але аналіз паказаў, што гэта адбываецца нераўнамерна: для 30-месячных дзяцей чым больш было размоў дома, тым больш міеліну было выяўлена ў абсягах мозгу, якія адказваюць за маўленне.

А вось у шасцімесячных малых была зусім адваротная рэакцыя - чым больш размоў, тым менш міеліну.

Даследнікі мяркуюць, што гэта звязана з рознымі этапамі фармавання мозгу. Спачатку мозг заняты стварэннем новых каморак, а потым ужо над удасканаленнем ужо створаных каморак. Напэўна, у першыя некалькі месяцаў ключавую ролю грае рост мозгу і ўплыў маўлення дарослых стымулюе гэты працэс.

«Размовы з вашымі дзецьмі вельмі важныя для ранняга развіцця, бо дапамагаюць фармаваць мозг. Гэта сведчыць аб тым, што маўленне і гаворка маюць такое ж значэнне ў шэсць месяцаў, як і ў 30 месяцаў, але ўплываюць на мозг па-рознаму, бо мозг знаходзіцца ў іншым "стане", – дадаў Спэнсэр.

Апошнія навіны