На выходных перакрыюць вуліцы ў цэнтры Менска
- 5.05.2023, 21:48
Паркоўкі таксама не будуць працаваць.
У цэнтры Менска 9 траўня абмяжуюць рух і паркоўку — сярод іншага, на праспекце Незалежнасці. Першыя перакрыцці пачнуцца ўжо а 6-й і прадоўжацца да канца мерапрыемстваў. У ДАІ рэкамендуюць планаваць маршруты загадзя, уважліва сачыць за сігналамі рэгуліроўшчыкаў і знакамі.
«Рух абмяжуюць на адрэзку пр. Незалежнасці ад вул. Свярдлова да пр. Машэрава ў абодвух кірунках, а таксама на вуліцах, якія перасякаюцца на гэтым адрэзку, — паведаміў Сяргей Мірончык, намеснік кіраўніка ГУ аховы правапарадку і прафілактыкі МУС. — Аб'езд будзе ажыццяўляцца па вуліцах-дублёрах: Ульянаўскай, Першамайскай, Куйбышава, Багдановіча».
Як і ў папярэднія гады, паблізу адрэзкаў правядзення мерапрыемстваў будзе абмежаваная паркоўка: на вуліцах Захарава, Кісялёва, Камсамольскай, Фрунзэ, Энгельса, на адрэзку вул. Інтэрнацыянальнай (ад плошчы Свабоды да вул. Я. Купалы).
Абмежаванні руху закрануць не толькі 9 траўня, перакрываць пр. Незалежнасці (ад вул. Энгельса да плошчы Перамогі) будуць і падчас рэпетыцый 7 і 8 траўня.