BE RU EN

The Guardian: Крэмль агарнула небывалая паніка перад 9 траўня

  • 7.05.2023, 21:23

Расейскія ўлады спрабуюць стварыць бачнасць нармальнасці.

Улада краіны-агрэсара Расеі ладна нэрвуецца перад Днём Перамогі над нацысцкай Нямеччынай. Гэта звязана з нядаўнім нападам беспілотнікаў на Крэмль, а таксама з тым, што кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўгеній Прыгожын пагражаў бунтам.

«Ёсць нэрвовасць, якую я ніколі даўней не бачыў. Але дзень перамогі мае быць, іншага выйсця няма», - сказаў адзін з чыноўнікаў мэрыі Масквы на ўмовах ананімнасці ў каментары The Guardian (пераклад - «Главред»).

Выданне падкрэслівае, што ў пятніцу Пуцін пайшоў на незвычайны крок, каб абмеркаваць падрыхтоўку да параду 9 траўня на сустрэчы са сваёй радай бяспекі, якая складаецца з найвышэйшых службовых асоб Расеі і кіраўнікоў узброеных структур. Прычым яшчэ да нападу на Крэмль расейскае кіраўніцтва выяўляла прыкметы турботы з нагоды імпрэзы на фоне асцярог украінскіх удараў. Так, сама меней шэсць рэгіёнаў РФ адмовіліся ад святкавання, прычым адзін з іх знаходзіцца больш чым за 640 км ад мяжы.

Адзначаецца, што дзень перамогі пакрысе стаў цэнтральным элементам бачання Пуціным расейскай ідэнтычнасці за 23 гады ягонага панавання. Старанна спланаваныя парады Перамогі, якія праходзяць па ўсёй краіне, традыцыйна даюць Крамлю магчымасць прадэманстраваць сучасную вайсковую магутнасць РФ.

«Для Пуціна гэта, безумоўна, найважнейшая падзея года. Ён чэрпае ўсю сваю легітымнасць з парада, называючы сябе дырэктыўным пераемнікам войска, якое атрымала перамогу над нацысцкай Нямеччынай. Улічваючы такую важнасць для Крамля, парад у Маскве адбудзецца. Гэта шанец для Пуціна паказаць нацыі, што ён усё яшчэ моцны і кантралюе так званую «спецыяльную вайсковую аперацыю» ва Украіне», - сказаў старшы навуковы супрацоўнік Фонду Карнэгі за міжнародны мір у Маскве Андрэй Калеснікаў.

Аднак, як піша выданне, напярэдадні 9 траўня дзяржава-тэрарыст далёкая ад перамогі ў вайне. Зімовы і вясновы наступ расейцаў на ўсходзе Украіны прынёс РФ мінімальныя дасягненні з фантастычнымі стратамі.

«Заходнія афіцыйныя асобы падлічылі, што толькі са снежня ў баях ва Украіне загінула больш за 20 000 расейскіх жаўнераў. Украіна, падтрыманая сучаснай заходняй зброяй, неўзабаве пачне ўласны доўгачаканы контрнаступ, каб вярнуць страчаныя тэрыторыі», - падкрэслілі ў The Guardian.

Як адзначыла старшая даследчыца палітыкі аналітычнага цэнтра Rand Corporation (ЗША) Дара Масікот, у РФ на большасці вайсковых парадаў будуць маршаваць толькі жаўнеры тэрміновай службы, бо ўсе жаўнеры-кантрактнікі знаходзяцца ва Украіне. Раз ва Украіне задзейнічана так шмат наземных войскаў, пэўныя рэгіёны будуць вымушаныя выявіць творчы падыход і зрабіць так, каб вайсковыя інструктары ды іншы персанал адыгрывалі больш прыкметную ролю, каб стварыць бачнасць нармальнасці.

Адна з самых вядомых падзей 9 траўня – марш “Несмяротны полк” – урачыстае шэсце людзей з партрэтамі сваіх сваякоў-удзельнікаў Другой сусветнай вайны – таксама сёлета была скасаваная.

"Адно з тлумачэнняў такога кроку ў тым, што расейскія ўлады асцерагаюцца, што шэсце можа скончыцца асвятленнем рэальнай колькасці страт Расеі ва Украіне, а сваякі прынясуць партрэты загінулых у цяперашняй вайне", - дадала Масікот.

Апошнія навіны