У Берліне забаранілі расейскі і савецкі сцягі на 9 траўня
- 8.05.2023, 21:24
Суд растлумачыў чаму.
Расейскія сцягі, а таксама георгіеўскія стужкі і сцягі СССР забаронена дэманстраваць на мерапрыемствах ля савецкіх помнікаў у Берліне 9 траўня, піша Deutsche Welle.
«У цяперашнім кантэксце гэта можа быць вытлумачана як выказванне сімпатыі да вайны, – гаворыцца ў заяве суда. – Відавочнае мэтанакіраванае ўзмацненне расейскіх авіяўдараў па Украіне і яе цывільнаму насельніцтву сёння спрыяе далейшаму абвастрэнню канфлікту і паказвае, што нельга падзяляць святкаванне заканчэння вайны і аднаўленне вайны ва Украіне».
Раней Адміністрацыйны суд Берліна зняў забарону на сцягі РФ на адной з акцый у Берліне 9 траўня на запыт прапуцінскай актывісткі Алены Каўбаснікавай. Берлінская паліцыя апратэставала гэтую пастанову, і суд вышэйшай інстанцыі скаргу задаволіў. Вынесеная 8 траўня пастанова – канчатковая і пад абскарджанне не пападае.