Выбары ў Турцыі: На ўчастку ў Амстэрдаме ўзнікла масавая бойка
- 8.05.2023, 21:48
Відэа.
Паліцыя Амстэрдама ў ноч на панядзелак была вымушаная ўмяшацца ў сутыкненне паміж людзьмі на адным з выбарчых участкаў, адкрытых для замежнага галасавання на выбарах прэзідэнта і парламенту Турцыі.
Пра гэта піша NOS.
Сутычкі пачаліся на ўчастку ў выставачным цэнтры RAI у Амстэрдаме ўвечары ў нядзелю – апошні дзень, калі выбарнікі маглі аддаць голас.
Прадстаўнік RAI заявіў, што бойка ўзнікла паміж прадстаўнікамі дзвюх палітычных партый, якія знаходзіліся на ўчастку ў якасці назіральнікаў – каб гарантаваць, што галасаванне праходзіць сумленна. У выніку галасаванне было немагчымае.
Некаторы час паліцыя не ўмешвалася ў сутыкненні, але пасля гэтага развяла тых, хто нападаў, у розныя бакі і вывела іх з будынка. Далей праваахоўнікі распарадзіліся, каб людзі заходзілі на ўчастак групамі, каб унікнуць падобных інцыдэнтаў.
У Нідэрландах жывуць блізу 250 тысячаў уладальнікаў турэцкага грамадзянства, якія маюць права голасу на выбарах 14 траўня. Для галасавання былі адкрытыя ўчасткі ў Амстэрдаме, Гаазе, Дэвентары і Эйндховэне.
На апошніх выбарах у 2018 годзе ў галасаванні ўдзельнічаў кожны трэці нідэрландскі турак, з іх амаль 73% падтрымалі дзейнага прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана.
Нагадаем, у Турцыі 14 траўня адбудуцца прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Апытанні грамадскай думкі паказваюць, што перад Эрдаганам стаіць самы вялікі выбарчы выклік за два дзесяцігоддзі ягонага знаходжання ва ўладзе.