У менскім парку дрон будзе сачыць за адпачывальнікамі
- 12.06.2023, 21:18
Нібыта для прадухілення распівання спіртных напояў.
У адным з менскіх паркаў дрон будзе сачыць, каб адпачывальнікі не распівалі спіртныя напоі, а таксама не палілі ў забароненых месцах, піша агенцтва «Менск-Навіны».
Сказана, што ў супрацоўнікаў патрульна-паставой службы міліцыі Маскоўскага раёна з'явіўся памагаты. Гаворка ідзе пра дрон. Ягоны тэставы запуск адбыўся ў сталічным парку імя Паўлава. Паводле словаў аператара квадракоптара, малодшага сяржанта міліцыі патрульна-паставой службы Дзяніса Прахаровіча, дрон можа адляцець на 18 кіламетраў. Акрамя таго, ён здольны развіваць хуткасць да 16 метраў за секунду.
– Дрон – выдатны памочнік у ахове грамадскага парадку, – адзначыў камандзір роты патрульна-паставой службы Аляксей Лапчук.
Ён дадаў, што адным з самых распаўсюджаных парушэнняў у парках з'яўляецца распіццё алкагольных напіткаў, а таксама паленне ў забароненых месцах. Што тычыцца добрапрыстойных і законапаслухмяных грамадзянаў, то ім дроны не страшныя. Таксама ў парку Паўлава ёсць вадаём, дзе ўсталяваныя шыльдачкі з забаронай для купання. Лапчук звярнуў увагу, што за распіццё алкаголю ў парках можа пагражаць штраф да 8 базавых велічыняў, ці да 296 рублёў.