BE RU EN

Латвія перадасць Украіне ўсе свае гелікаптэры

  • 21.06.2023, 20:49

Рыга выдаткавала на дапамогу Кіеву 1,3% свайго ВУП.

Латвія прыняла палітычную пастанову перадаць Украіне ўсе пераносныя зенітныя ракетныя комплексы Stinger і гелікаптэры, якія ёсць у распараджэнні яе Узброеных сілаў.

Пра гэта на Канферэнцыі ў пытаннях аднаўлення Украіны ў Лондане ў сераду заявіў латвійскі прэм'ер-міністр Крыш'яніс Карыньш, паведамляе карэспандэнт «Еўрапейскай праўды».

Карыньш успомніў, што ягоны ўрад прыняў пастанову даць Украіне ваенную дапамогу яшчэ ў лістападзе-снежні 2021 года, калі пра пагрозу поўнамаштабнага ўварвання РФ пачалі актыўна гаварыць – прычым першыя ПЗРК Stinger прыбылі ва Украіну за дзень да пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

«З тых часоў наш урад выдаткаваў больш за 1,3% нашага ВУП на разнастайную дапамогу Украіне, у тым ліку 1% – на ваенную дапамогу. Усе нашы ракеты Stinger цяпер ва Украіне. У нас быў парк гелікаптэраў – апошнія з іх яшчэ перафарбоўваюць, каб іх можна было выкарыстоўваць – апошнія з іх пойдуць ва Украіну», – дадаў ён.

Таксама латвійскі прэм'ер адзначыў, што ягоная краіна забяспечвае навучанне блізу 3000 вайскоўцаў, а таксама дапамагае дронамі і боепрыпасамі, не кажучы пра гуманітарную і фінансавую дапамогу.

«Мой мэсэдж для вас просты: калі такая маленькая краіна, як Латвія, можа выдаткаваць 1,3% ВУП, то можаце і вы. Мы не самая багатая нацыя, але гэта магчыма, і як палітык магу сказаць: гэта карысна і з палітычнага гледзішча. Чым больш вы дапамагаеце – тым вышэйшыя вашыя рэйтынгі», – дадаў Карыньш.

Апошнія навіны