BE RU EN

Еўрапейская канфедэрацыя фехтавання адхіліла беларусаў ад спаборніцтваў

  • 25.06.2023, 21:43

Пастанова была прынятая на кангрэсе арганізацыі ў польскім Кракаве.

Еўрапейская канфедэрацыя фехтавання (ЕКФ) забараніла выступы пад сваёй эгідай усіх беларускіх і расейскіх спартоўцаў і афіцыйных асобаў. Пастанова была прынятая на кангрэсе арганізацыі ў польскім Кракаве, дзе цяпер праходзяць Еўрапейскія гульні.

Дэлегаты разгледзелі дзве прапановы прэзідэнта Федэрацыі фехтавання Украіны Міхаіла Ільяшава, якія былі прынятыя 23 галасамі "за" і 10 "супраць" з 43 федэрацый-чальцоў, піша Insidethegames.

Яны гучаць наступным чынам:

Не дапускаць да ўдзелу ў спаборніцтвах ЕФС спартоўцаў, трэнераў, афіцыйных асобаў, якія маюць расейскае або беларускае грамадзянства і ліцэнзіі, зарэгістраваныя Федэрацыяй фехтавання Расеі і/або Беларускай федэрацыяй фехтавання.

Прыпыніць удзел у ЕФС Федэрацыі фехтавання Расеі і Беларускай федэрацыі фехтавання ў сувязі з грубым парушэннем этычных прынцыпаў годнасці, цэласнасці і ўзаемаадносінаў з краінамі, правілаў паводзінаў і агульных прынцыпаў спартовай справядлівасці Федэрацыяй фехтавання Расеі і Беларускай федэрацыяй фехтавання.

Пастанова ЕКФ азначае, што беларусы і расейцы не могуць уваходзіць у склад Выканальнага камітэта ці камісій арганізацыі. Прадстаўнікі дзвюх краінаў не змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах да 23 гадоў і ў кадэцкім турніры. Аднак Расея і Беларусь па-ранейшаму змогуць выступаць на кантынентальных спаборніцтвах старэйшага ўзросту, паколькі яны праводзяцца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі фехтавання (FIE).

Паводле інфармацыі Insidethegames, нягледзячы на тое, што галасаванне было таемным, адной з нацыянальных федэрацый, якія выступілі супраць забароны на Кангрэсе, была Балгарыя.

Нагадаем, Міжнародны Алімпійскі камітэт захоўвае санкцыі ў дачыненні да кіраўніцтва беларускага НАК і асабіста Віктара Лукашэнкі. Разам з тым у МАК рэкамендавалі міжнародным федэрацыям дазволіць беларускім і расейскім спартоўцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, калі яны не падтрымліваюць вайну Расеі супраць Украіны, не маюць дачынення да сілавых структураў і выконваюць некаторыя іншыя ўмовы. 10 сакавіка Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) дазволіла спартоўцам з Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад сваёй эгідай. Аднак у траўні стала вядома, што беларускія фехтавальнікі незадаволеныя спісам допуску. На днях паведамлялася, што яны прапусцяць чэмпіянат свету ў фехтаванні ў Мілане. Паводле словаў выканаўцы абавязкаў Беларускай федэрацыі фехтавання Віталя Сакалоўскага, допуск да спаборніцтваў не атрымалі асноўныя беларускія фехтавальнікі, а везці на чэмпіянат другі ці трэці склад нелагічна.

Апошнія навіны