BE RU EN

Пачаўся прыём заявак на шэраг праграмаў «Фулбрайт» ад ураду ЗША

  • 14.07.2023, 20:50

Беларусы могуць падавацца на чатыры розныя праграмы.

Амерыканскія рады міжнароднай адукацыі пачалі прыём заявак ад беларусаў на ўдзел у шэрагу праграмаў Fulbright («Фулбрайт»). Беларусы могуць падавацца на чатыры розныя праграмы: ад навучання ва ўніверсітэтах да даследчай і выкладніцкай дзейнасці. Пры гэтым урад ЗША цалкам фінансуе выдаткі, паведамляе «Люстэрка».

Пра якія праграмы ідзе гаворка

Па-першае, «"Фулбрайт" для замежных студэнтаў». Яна прапануе навучанне ў магістратуры ВНУ ЗША. Акрамя беларускага пашпарта ў кандыдатаў павінен быць дыплом аб вышэйшай адукацыі і выдатнае веданне ангельскай мовы.

Па-другое, праграма для навукоўцаў і даследнікаў, якая прапануе магчымасць праводзіць даследаванні і (або) чытаць лекцыі ў адным з універсітэтаў ЗША (абраным самастойна або з дапамогай праграмы) цягам 3-6 месяцаў. Кандыдаты павінны працаваць ва ўніверсітэтах ці даследчых установах (у тым ліку НДА) у Беларусі ці іншых краінах, мець навуковую ступень кандыдата ці доктара навук і добра ведаць ангельскую мову.

Па-трэцяе, «Фулбрайт» для выкладнікаў і выкладчыцаў ВНУ: гэтая праграма прапануе прафесійную стажыроўку цягам аднаго семестра без атрымання акадэмічнай ступені. Яна ўключае знаёмства з адукацыйнымі курсамі, распрацоўку навучальных праграмаў, збор матэрыялаў, наведванне канферэнцый, супрацу з амерыканскімі калегамі, правядзенне прэзентацый. Кандыдаты павінны быць выкладнікамі ўстановаў вышэйшай адукацыі ў Беларусі ці іншай краіне, мець досвед выкладання не меншы за два гады, вышэйшую адукацыю, а таксама добра ведаць ангельскую мову.

І па-чацвёртае, праграма стыпендый Х'юберта Хамфры. Яна дае магчымасць вучыцца ва ўніверсітэце на ўзроўні магістратуры і адначасова ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства ў ЗША цягам года без атрымання акадэмічнай ступені. Кандыдаты павінны мець вышэйшую адукацыю, не менш за 5 гадоў досведу працы ў адпаведнай галіне, добра ведаць ангельскую мову, а таксама дэманстраваць лідарскія якасці ды імкненне прыносіць карысць грамадству.

Апошнія навіны