Магілёўская пракуратура прызнала парушэнні правоў асуджаных на прымусовых працах
- 24.07.2023, 20:58
Ці пакараюць вінаватых?
Магілёўская пракуратура правяла праверкі і выявіла парушэнні заканадаўства пры змушэнні асуджаных да працы. З пачатку года вядомы нават адзін выпадак, калі чалавек загінуў на вытворчасці, паведаміў намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Андрэй Волкаў.
Паводле словаў Волкава, пракуроры правялі наглядныя мерапрыемствы і выявілі, што асуджаных змушалі да прымусовай працы на прадпрыемствах з парушэннем заканадаўства, «што недапушчальна».
Так, падчас праверак высветлілася, што за першае паўгоддзе 2023 года на прадпрыемствах адбылося 17 выпадкаў вытворчага траўматызму з удзелам асуджаных, адзін зняволены пры гэтым загінуў. У першым паўгоддзі 2022 года выпадкаў траўмаў было ўсяго шэсць.
Намеснік пракурора прызнаў факты, калі выкананне асуджанымі правілаў аховы працы не кантралявалася. Не ва ўсіх выпадках з асуджанымі на працы праводзіўся адпаведны інструктаж, выдавалася спецыяльнае адзенне і сродкі індывідуальнай абароны.
Якім чынам пакараюць вінаватых у парушэннях працоўных правоў асуджаных (і ці пакараюць іх увогуле) – не паведамляецца.