Стары трактар «Беларус» стаў зоркай выставы рэтра-аўто ў Нямеччыне
- 26.07.2023, 21:34
Часам ён працуе «каляднай ялінкай».
Нямецкая газета Volksstimme расказала пра выставу олдтаймераў (рэтра-аўтамабіляў) у горадзе Вальштаве, зямля Саксонія-Анхальт, у якой удзельнічаў і выпушчаны яшчэ пры СССР трактар «Беларус-550». На артыкул звярнула ўвагу выданне «Беларусь і свет».
У мінулую нядзелю ў Вальштаве прайшла выстава вінтажных машынаў – на ёй паказалі пару сотняў экспанатаў, у тым ліку 50-гадовы Fiat, выраблены ў сацыялістычнай Польшчы.
Асаблівую ўвагу журналістаў звярнуў трактар «Беларус-550», які сышоў з канвееру ў Менску ў 1987 годзе і шырока выкарыстоўваўся ў сельскай гаспадарцы ГДР.
Гаспадары «жалезнага каня» – сужэнцы Дыяна і Карстэн Лашэўскія з Эленберга, якія некалькі разоў на год бываюць на такіх мерапрыемствах. Яны не проста «закахаліся ў трактар», калі яго ўбачылі, але і пафарбавалі ў ярка-чырвоны колер, адрэстаўравалі і абсталявалі дадатковымі выгодамі.
За стырно «Беларуса» садзяцца муж і жонка. Паводле іх словаў, у іх горадзе трактар становіцца зоркай у калядны сезон. «Упрыгожаны незлічонымі гірляндамі, ён катаецца па Эленбергу і асабліва зачароўвае дзяцей», – расказаў Карстэн Лашэўскі, які любіць вазіць сваіх унукаў у кіроўчай кабіне.
Нягледзячы на ўзрост, трактар яшчэ не поўнасцю выйшаў на пенсію, і яму даводзіцца час ад часу працаваць. Зімой яго выкарыстоўваюць пры нарыхтоўцы дроваў, якія потым вязуць на двух прычэпах.