Зяленскі паспрачаўся з прарасейскім прэзідэнтам Балгарыі
- 6.07.2023, 21:30
Прэзідэнт Украіны спытаў, як бы Балгарыя дзейнічала ў выпадку ўварвання РФ.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Балгарыю паспрачаўся з балгарскім лідарам Румэнам Радзевым, вядомым сваёй прарасейскай пазіцыяй.
Спрэчка прэзідэнтаў падчас сустрэчы дэлегацый дзвюх краінаў патрапіла на тэлевізійную трансляцыю.
Зяленскі раскрытыкаваў Радзева за выкарыстанне слова «канфлікт» у кантэксце вайны Расеі супраць Украіны.
«Я думаю, што людзі Балгарыі дакладна разумеюць, што гэта не канфлікт, а вайна. Праз “канфлікт” мільёны людзей не выязджаюць з краіны, каб зберагчы жыцці сваіх дзяцей», – падкрэсліў ён.
Прэзідэнт дадаў, што расейская агрэсія накіраваная на знясіленне Украіны, знішчэнне ўкраінцаў і прадстаўнікоў іншых нацый, якія з'яўляюцца ўкраінскімі грамадзянамі.
Каментуючы нежаданне Радзева падтрымліваць УСУ і ягоную заяву, што «ўсё больш і больш зброі не развяжа праблемы», Зяленскі спытаў, як бы Балгарыя дзейнічала ў выпадку поўнамаштабнага ўварвання Расеі.
«Свет аб'ядноўваецца, каб адпраўляць не людзей. Каб потым вайна не прыйшла да вас, да палякаў, да румынаў. Адлегласці не маюць значэння ў вайне. Таму, я думаю, вы мяне зразумееце. Не дай Божа, вы будзеце на маім месцы, і калі вам не будуць дапамагаць зброяй людзі, якія маюць з вамі агульныя каштоўнасці, тады што вы будзеце рабіць? Скажаце: “Забірай, Пуцін, балгарскую тэрыторыю?” Не, вы, як сапраўдны прэзідэнт, я ўпэўнены, не дапусціце кампрамісу са сваёй незалежнасцю», – сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што ў гэтай вайне нельга падтрымліваць Расею, таму што яна хоча знішчыць NATO і Еўропу. Таксама прэзідэнт адзначаў, усёй зброі балгарскага войска не хапіла б, каб абараніцца ад расейскай агрэсіі.